План Бабарозы. Павал Касцюкевіч
шпацырэн, дойчэн афіцырэн! Партызанэн – піф-піф-піф, камуністэн – паф-паф-паф”. Гэтай рачоўцы ў дзяцінстве мяне навучыла Бабароза. Роні брала мяне за рукі, і мы кружлялі па вулках жоўтасценнага горада ў галавакрутным вальсе.
У апошні дзень майстар-класаў мы злавілі таксоўку і за нейкую смешную суму паехалі ў манастыр сярод гор. У манастыры елі хлеб з арэхамі і глядзелі на навакольныя вертыкалі. Быў канец лютага – у далінах ляжаў снег, але, на беларускія рэаліі, гэта адчувалася як красавік. Роні гойсала ў адной саколцы.
Па вяртанні ў гатэль, да Роні ў нумар я не пайшоў. Мы развітваліся ў ліфце. Роні горача абняла мяне, моцна прытуліўшыся да шчакі. Прамармытала, што, можа быць, “мы сустрэнемся яшчэ, дзесьці ў Еўропе, на якім-небудзь майстар-класе”. Ужо на самоце ў ліфце я ўсё думаў, як я хачу яе, але маладушна разважыў яшчэ, што страшнейшай цяпер для мяне будзе яе адмова, таму лепей не спрабаваць увогуле. Я зашыўся ў свой нумар, дзе ад перажывання і любоўных ваганняў паваліўся на ложак ды імгненна заснуў.
Пабудзіў мяне тэлефонны званок хвілін праз дзесяць.
– Ўот ар ю дуінг?
– Спрабую спаць…
– Спаць? Ты спіш?! Тады калі я тут уся знемаглася, марачы, як пераспаць з табою!
Я вокамгненна прачнуўся. Роні тэліла са свайго гатэльнага нумара. Калі шчыра, можа, яна крыкнула нешта іншае, я быў прыспаны – адно што ў яе крыку я выразна пачуў тройчы запар слова sleep, “спаць”.
– Я іду, Роні! – загырчаў я.
Шпурнуў слухаўку на каўралінавую падлогу нумара. Стаў увіхацца: сноўдаўся па пакоі, спрабуючы пацэліць нагамі ў калашыны. Заляцеў на хвілю ў туалет, але рады не даў – уваччу скакалі каляровыя вясёлкі, а “маланка” на прарэху захрасла напаўдарозе. “Sleep, sleep, SLEEP!” – тахкала ў скронях. У кінутай на падлогу слухаўцы Роні лямантавала ды выкрыквала нешта кашэчае, зазыўнае.
Калі я ўрэшце завітаў да яе ў нумар, яна стаяла босая. Сцішаная і прысаромленая. Ейны юр яўна мінуўся. Я пасядзеў, паперыўся ў тэлевізар для прыліку, і, канечне, палез да яе. Роні млява, але трывала абаранялася.
– І часта ты так спакушаеш дзяўчат на далёкіх майстар-класах? – напытвала Роні, прыбіраючы маю далонь з грудзей. – …Ведаеш, я замужняя. З дзецьмі.
І яна выкінула два пальцы.
– З двума…
– Прыгожая, ты вельмі прыгожая… – на выдыху шаптаў я, спрабуючы злавіць яе вусны ў свае, і лавіў пах чорных валасоў. Яе жывот ад хвалявання пульсаваў буйнымі штуршкамі.
Дарэчы, потым Роні доўга мне прыгадвала гэтыя словы. “Я творчая, я вясёлая, я – урэшце няпростая. А ты, Персей, прызнаючыся ў каханні, назваў мяне “б’ютыфул, вэры б’ютыфул вумэн”?!
– Госпадзе! – выгукнула Роні, калі мы ўрэшце крывавата, бо ўпершыню, пацалаваліся. – Што мы тут робім? У нейкім Кішынёве, на краі свету… Дзе мы?
Яе вочы былі колеру вішні на каньяку.
Ну, ты яшчэ не бачыла краёў свету, – адказваў я ў перапынках між пацалункамі. – Нейкі там Менск, скрыжаванне Ekskavatarny і Kalektarny street – ось там сапраўдны