План Бабарозы. Павал Касцюкевіч
няма, зусім няма, разумееш? – патлумачыла Роні.
І вядома, былі дзеткі: два хлопчыкі, на імёны якіх я цяпер трывала забыўся, і прыўдалы дамок сярод букаў і гор.
За столікам запанавала паўза – здавалася, што дадаць і няма чаго. Я ўжо нават рэкнуў быў, што нічога з гэтага не будзе і я гатовы – так, я гатовы расстацца. Дзве тысячы кіламетраў адлегласці і яе шлюб рабілі нашыя адносіны немагчымымі. Пачуваўся я побач з ёй, такой сляпучай і дыхтоўнай, поўнай нікчэмнасцю.
Расстацца?! – Роніны бровы ўзляцелі, як спуджаныя птушкі. Вочы зрабіліся зусім ужо каламутна-чорныя, як п’яныя вішні. Яна вокамгненна ператварылася ў пацанку-нецярпячку:
– Расстацца?! О, шайзэ, найн! Я не дзеля таго з табой тут спаткалася. У мяне ёсць План.
Я зірнуў на яе з нямым захапленнем. Чорта што я зразумеў.
– У жанчын, ведаеш, заўсёды ёсць планы, – патлумачыла Роні, пакрысе зноў ператвараючыся ва ўзважаную і сухую Роні. Яе мабільнік піскнуў, і яна спешна разгарнула эсэмэску. Прачытаўшы, заспакоеная адклала мабілку ў бок:
– І вось, Персей, у мяне ёсць План на цябе. Лагодна ўсміхнулася і палашчыла маю скронь.
І вось што яна апавяла. Нам абаім трэба было прывязацца да графіку еўрапейскіх фестываляў і культурных кангрэсаў, і разам ездзіць. Яна з Офісам Усходніх Пераменаў, а я з нейкім беларускім стэндам – трэба яшчэ прыдумаць, якім. Культурніцкі саміт у Вільні, кніжны кірмаш у Празе, фестываль мастацтваў у Рэйк’явіку, мультыкультурны фэст у Бялградзе…
І мы будзем мець разам, як падлічыла Роні, дзесяць-пятнаццаць сустрэчаў на год, па тры-пяць дзён кожная.
Я падняў вочы ўгору.
– Калі зрабіць агульны падрахунак, – сказаў я сумным голасам, – падлічыць любадні і любаночы ў начных кавярнях чужых гарадоў і гатэльных нумарах, дык не так ужо і шмат…
– Але, калі падумаць, што ў тваім жыцці раз на месяц-два цябе чакае амаль тыдзень не разведзенай ні чым мілаты і любаты, – запярэчыла Роні, – дык не так ўжо і мала…
– Фінансы – не праблема, – дзелавіта дадала яна, – за дэмакратычныя каштоўнасці на сваіх межах Еўропе трэба плаціць. Лепей грашыма, чым крывёю. Кожны школьнік у нас пра гэта ведае.
Еўропа ў няроўнай бойцы з Расіяй, пераконвала мяне Роні, цягне-пацягне пакрысе на свой бок такія памежныя краіны, як, напрыклад, Беларусь. І калі не ўдасца перацягнуць, то яна прынамсі паспрабуе ўтварыць буферную зону з нейтральных краінаў. А як не атрымаецца буфернай зоны, то прынамсі сякой-такой чыннасцю заспакоіць грамадства і сумленне, каб можна было сказаць, што для еўрагаротнікаў хоць нешта рабілася.
Паводле Ронінага Плана, я мусіў наладзіць працу з Беларусі. Арганізаваць беларускі стэнд, набраць каманду. Падумаць, што я буду выстаўляць еўрапейцам. Паказаць тавар тварам.
Канчаткова пераканаць еўраструктуры, што такі стэнд патрэбны – за гэта бралася Роні. У яе шырачэзныя сувязі ў еўрапарламенце, а камісар па культуры фрау Заліхвасэр – яе добрая знаёмая па брусельскай каве. Урэшце, Ронін мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў дзеля