Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. Стэфан Корф
Янку накінуліся два ваўкі: чорны, з абпаленым бокам, і шэра-карычневы. Конь спрабаваў прыбіць трэцяга капытамі, устаў на дыбы і скінуў свайго гаспадара. Абпалены схапіў левую руку хлопца, і Янка з усёй моцы ўдарыў дзяржальняй пістолі. Драпежнік паслабіў хватку. Гэтага хапіла, каб засунуць у пастку дула і стрэльнуць. Воўк пераўтварыўся ў цмока, што плюецца дымам і крывёй. Боль. Полымя. Пах абпаленага мяса. Гарачая сталёвая труба апякла руку хлопца. Ён адкінуў мёртвую жывёлу ўбок, але сябар забітага не кідаў сваёй справы.
Янку пацягнулі ў лес. Ён біўся нагамі, чапляўся за карані. Другі, трэці, чацвёрты воўк – яны жадалі яго смерці. Раптам на яго скокнуў белы воўк. Ён глядзеў на хлопца з нянавісцю сваім адзіным вокам, што гарэла сінім полымем. Янка ўдарыў у пысу, проста, як у вясковай бойцы. Заімшэлы камень на драўляным пярсцёнку трапіў па носе ваўка. Ад болю ўлан зажмурыўся: правую руку закалола халоднымі іголкамі, сляды ад укусаў гарэлі, а пальцы скруціла. Калі ён расплюшчыў вочы, белы воўк ляжаў у дзесяці кроках ля дрэва. На спіне яго праступалі чырвоныя кроплі, а астатнія ваўкі замерлі і ашалела глядзелі на пярсцёнак.
Зямля дрыжэла. Трэсліся дрэвы і хмызы. Янка павярнуў галаву і ўбачыў яго. Вялізны, у два чалавечыя росты, буры, як дубовая кара, зубр. Яго вочы палалі чырвоным агнём. Ён пайшоў на ляжачага ўлана. Хлопец пачаў узгадаваць малітву, але на розум прыходзілі толькі праклёны, якія і харунжы Сыракомля не ведае. Зубр, які мог адной нагой расплюшчыць маладога ўлана, паставіў капыта ля яго галавы і змахнуў сваёй вялізнай галавой ваўкоў, як чалавек змахвае куфель са стала.
Зубр заракатаў, як тысячы вадаспадаў. Яго вочы ўспыхнулі з яшчэ большай моцай, і ён пакрочыў да ляжачага белага ваўка. Той расплюшчыў адзінае здаровае вока і спуджана загыркаў.
Ваўкі разбегліся гэтак жа імгненна, як і з’явіліся. Ніхто, акрамя Янкі, не бачыў зубра, што разагнаў жывёл і знёс белага ваўка на рагах. Людзі чулі толькі моцны рокат, што здаваўся ім стрэламі тысяч гармат.
Янка перабінтоўваў левую руку.
– Як думаеш, Кёнінг прыб’е нас ды пана харунжага? – прытрымліваў белую анучу Базыль.
– Ага, Лешак Збруя забіты, сем параненых… Патрачаны порах, зламаныя дзіды… І гэта не на маскалёў, а пад час маршу. Я б на месцы палкоўніка нас больш ніколі ў бой не пушчаў.
Яны ехалі па лясной дарозе, шэрагамі, з карабінамі ў руках. Наперадзе крочыў пануры харунжы.
– Слухай, Янка, цябе за тыдзень два разы ваўкі пакусалі.
Схадзі ў касцёл, мо паспавядайся?
25 ліпеня 1794 года
Ён ляжаў на падлозе. Рука бяссільна і бессэнсоўна сціскала шаблю, а вочы з пасінелага твару глядзелі на столь, не разумеючы – за што? Грудзі перарывіста ўздымаліся пад парванай кашуляй. Яго абступілі сябры.
– Чаму ён?
– Першымі сыходзяць заўсёды лепшыя…
– Вынесіце гэтую п’янь на вуліцу ды з калодзежа вадой абкаціце, – падвяла вынік карчмарка.
Яны паднялі свайго непрытомнага сябра, і за ледзяной працэсіяй