І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік. Валеры Гапееў
– хітравата ўсміхнуўся Андрусь, ягоны праставаты твар быў падобны ў гэтую хвіліну на гандляра хамутамі на рынку. – А наколькі я магу давяраць спадарству? Прашу прабачэння, як незнарок пакрыўдзіў каго.
Даніла зразумеў, што Андрусь кажа сур’ёзна, таму адказаў цвёрда:
– Раману я веру як сабе. Ты верыш мне – вер Раману.
– Добра… Я прычыню дзверы…
Даніла з Раманам пераглянуліся. Яны былі заінтрыгаваныя. У вачах Рамана адбіўся лёгкі неспакой, Даніла ціхім голасам яго супакоіў:
– Не нервуемся раней часу. Андрусь – не дурань. Хіба на выгляд просты…
А Андрусь за гэты час прымкнуў знутры дзверы, выцягнуў з-пад ложка аб’ёмістую сумку, пакорпаўся, пашамацеў паперай і пластыкам, прыцягнуў і паклаў на стол бы загорнуты том якога класіка. Нажом надрэзаў паскі ліпучкі, расхінуў абгортку.
То быў стос тонкіх каляровых лістовак.
– Тваю маць, – працягнуў Даніла, узяў у рукі адну лістоўку. – “Выходзь на вуліцу! Усе на Плошчу! Бла-бла-бла… Зубр”. Ты гэтак зарабляеш? Ды за адну такую паперчыну выкінуць з універа, сама мала, не ведаеш? Ці ты ідэйны змагар і нам заплаціць хочаш са сваёй кішэні? Ці мо сам і надрукаваў? – рагатнуў Даніла, занерваваўся, бо выгляд такой колькасці лістовак на стале яго бянтэжыў.
– Не нервуемся, грамада, – спакойна, нават з загаднымі ноткамі загаварыў Андрусь, паклаўшы руку на стос лістовак. – Так, можна і на гэтым зарабляць. Задача была такая: разнесці гэтыя лістоўкі і паўкідаць у паштовыя скрыні ў пэўных дамах па пэўнай вуліцы. Тут тысяча штук…
– Пайшоў ты на з такой работай, – грэбліва паморшчыўся Раман. – Не хапала яшчэ пэцкацца аб свядомых! У мяне дзядзька – у КДБ!
– Ды чакайце, я ж не дагаварыў, – паблажліва ўсміхнуўся Андрусь. – Умовы простыя. Яшчэ даецца фотаапарат. Лічбавы. Для справаздачы зрабіць здымкі. З усіх пад’ездаў. У мяне – чатырнаццаць. Здымак такі: рука апускае лістоўку ў паштовую скрыню. Значыць, робім так… – Андрусь сагнуў адзін рог лістоўкі да сярэдзіны, правёў пазногцем па згібу, адарваў акуратна. – От, маем такую штуку. Адну. Тут відаць толькі нейкія літары… Як і затрымаюць з такім ражком – дык і што? А мы бяром гэты ражок і ходзім па пад’ездах. Нас трое, адзін на шухеры, другі дэманструе апусканне лістоўкі, трэці здымае. Паўгадзіны часу, а маем дваццаць баксаў…
– Жартуеш?! Дваццаць? – не паверыў Даніла, адкінуўся на спінку крэсла, расцягнуў твар ва ўхмылцы: – Ну ты, спрытнюга вясковы, і даеш! Дзе ты такіх працадаўцаў знайшоў?
– Гэта няважна, – адмахнуўся Андрусь. – Я ж табе казаў: добра, калі многа сяброў. Ну што, хадзем?
Фокус з адарваным ражком падзейнічаў і на Рамана, які быў набычаны, як пабачыў лістоўкі. Грэла будучая роля хітруна, які “пракіне” тых апазіцыянераў. Ён адно кіўнуў на стол і спытаў:
– А гэтыя лістоўкі… куды потым?
– Ды ў смецце во і выкінем, – патлумачыў весела Андрусь.
Было бачна, што перспектыва хутка, за нейкіх паўгадзіны “зрабіць справу” ды яшчэ без клопату і ў поўнай бяспецы, якія давалі яму хаўруснікі, яго ўзрадавала.