Нелюбімыя гінуць. Віктар Праўдзін
па руінах, зазірала ў кожны закуток панадворка, праз кожныя пяць хвілін прымушала Рэната і маўклівага гвардзейца абгарэлымі жардзінамі абмацваць дно варонкі, і ў той самы момант, калі зразумела, што трэба вяртацца і вяртацца ні з чым, позірк зачапіўся за клён, за жалезны клык, які наскрозь прабіў дрэва і цяпер у промнях заходзячага мёртвага сонца здаваўся крывавым і жудасна-страшным. Нечакана і клён, і раўнадушнае, нядобрае неба змяшаліся ў адно цэлае, у нешта блакітна-зялёнае, працятае чырвонымі пісягамі, падобнымі на крывавую жалязяку-клык, і адразу зямля захісталася, іржавая вада ў варонцы зарабацілася і нахілілася, вось-вось выплюхнецца вонкі…
Ачомалася Айшэ ад прытарнага паху нашатырнага спірту і холаду ў скронях. Яна ляжала ў машыне на заднім сядзенні, галава ў Рэната на каленях, і ён вільготнай марляй, злітай лякарствам, імпульсіўна цёр нявестцы скроні. Барадаты гвардзеец, аб’язджаючы завалы на дарозе, нервова тузаў рыпучы рычаг пераключэння перадач, нешта злосна мармытаў і раз-пораз кідаў на патрэсканае мутнае люстэрка незадаволеныя позіркі.
Убачыўшы, што Айшэ расплюшчыла вочы, барадач крыкнуў:
– Праз хвіліну-другую няверныя пачнуць артылерыйскі абстрэл, гэты раён ужо тыдзень пляжаць.
– Праскочым, – спакойна адказаў Рэнат і, ласкава зірнуўшы на Айшэ, нечакана ўсміхнуўся: – Ты зусім лёгкая, хоць і не адна…
Гэтыя словы і асабліва нерухомы, быццам каменны, саркастычна-пагардлівы позірк гвардзейца, які ўбачыла ў люстэрку, канчаткова вярнулі свядомасць. Прысаромленая Айшэ падхапілася і рашуча адсунулася далей ад Рэната. Не падымаючы вачэй, яна заправіла пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад чорнай хусцінкі, і сцішылася.
«Праскочыць», як сказаў Рэнат, яны не паспелі. Нечакана над імі віскнула паветра, і адразу леваруч разарваўся снарад. Як падкошаны рухнуў тэлеграфны слуп, другі снарад падкінуў у паветра абгарэлую легкавушку, трэці ўздыбіў зямлю пад вокнамі агароджанай калючым дротам прыземістай аднапавярховай будыніны.
– Склады прыстрэльваюць, – прыжмурыўшы вочы, па-камандзірску строга вызначыў Рэнат.
– Позна, – выскаліўся гвардзеец. – Два дні, як муку і бочкі з алеем вывезлі…
– Ведаю, што вывезлі, але ж нехта навёў?..
– Ужо няма шакала, іначай не трацілі б снарады на пустое…
Федэралы нечакана змянілі тактыку, самалёты пачалі бамбіць не толькі днём, але і па начах. Адразу ж некуды знік Рэнат, і больш за два тыдні ад яго не было ніякіх вестак. Скончыліся лекі і прадукты, пачаліся перабоі з вадой. Лола правай рукой, якая трошкі шавялілася, быццам немаўля, паказвала на рот і цмокала вуснамі, што азначала: «Хачу піць». Айшэ ўсё цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню па ваду. Страх напаўняў душу, калі яна мацала свой вялікі жывот і, адчуваючы далоньмі моцныя штуршкі, разумела, што хутка прыйдзецца раджаць. У гэтыя адчайныя хвіліны Айшэ з жалем пазірала на Лолу, якая цяпер нічым не магла дапамагчы, узгадвала яе