Нелюбімыя гінуць. Віктар Праўдзін

Нелюбімыя гінуць - Віктар Праўдзін


Скачать книгу
Неяк звечара Айшэ не заўважыла, што спаўзла коўдра з нагі ў Лолы, а раніцай знайшла ўсе пазногці згрызенымі. А самае дзіўнае, што свякроў нават не пачула болю, бо ніякага знаку здаровай рукой не падала, не стукнула, як звычайна, жалязякай па спінцы ложка.

      Нехта шкробся звонку. Не без боязі Айшэ прачыніла дзверы і ўбачыла хваравітага, дыстрафічна-худога хлопчыка. Брудны ўчарнелы твар, рукі ў крывавых драпінах, на галаве капа ўскудлачаных агніста-рыжых валасоў, з якіх тырчала пер’е і нешта падобнае на пілавінне. На хлопчыку вісела не па росце доўгае, чырвонага колеру дзявочае зімовае паліто з адарванымі рукавамі і каўняром, з плечыкаў тырчалі пашкамутаная матэрыя і вата, іржавая, быццам абгарэлая, замест гузікаў – страляныя аўтаматныя гільзы, прыкручаныя да матэрыі медна-залацістым дротам. На нагах – старыя вайсковыя паўботы, адзін без шнурка, халява перавязана даўгаватай калмацістай шпагацінай.

      – Што табе? – спыталася Айшэ.

      Малы не адказаў. Ён умольна глядзеў на Айшэ шырока расплюшчанымі васількова-блакітнымі вачыма і, як спаралізаваная Лола, торкаў учарнелым брудным пальцам у разяўлены рот.

      – Ты хочаш есці? Піць?..

      У адказ хлопчык толькі шырэй разявіў рот і глыбей засунуў у яго палец. На яе ложку ляжаў рэчмяшок з харчамі, што пакінуў Рэнатаў пасыльны, і Айшэ выцягнула з яго пачак пячэння, першае, што трапілася ў руку, і падала малому. Ён абедзвюма рукамі ўхапіў пачастунак і зубамі пачаў разрываць папяровую ўпакоўку. Бліскучая папера не паддавалася, і Айшэ працягнула руку, каб дапамагчы, але хлопчык зразумеў гэты жэст па-свойму і, баронячы пачастунак, крутнуўся да яе спінай. У гэты момант пачак разарваўся, і пячэнне рассыпалася па падлозе. Хлопчык імгненна плюхнуўся на калені і, мітусліва збіраючы пячэнне, таропка засоўваў яго ў рот, а што не ўлезла, хаваў за пазуху. Айшэ не перашкаджала, яна замкнула дзверы, падсунула бліжэй да свайго ложка адзіную табурэтку і паставіла на яго шклянку з апельсінавым сокам, напалову разбаўленым вадой, які да з’яўлення малога выцягнула з таго ж самага рэчмяшка і мелася выпіць сама. Потым узяла хлопчыка за плечы і, паставіўшы яго на ногі, крутнула тварам да табурэткі:

      – Гэта табе.

      Хлопчык нават не зварухнуўся, толькі спадылба зірнуў на Айшэ і ў чаканні знерухомеў. Рот у яго быў пусты, пячэнне, відавочна, незаўважна для Айшэ таксама апынулася за пазухай.

      – Сок і пячэнне можаш з’есці, – па-руску сказала Айшэ і па тым, як у малога заблішчэлі вочы, зразумела, што ён нарэшце яе пачуў. Ацэньваючы дзіўнаватыя паводзіны госця і назіраючы, як ён, амаль не жуючы, уплятае пячэнне, Айшэ выцягнула з рэчмяшка яшчэ адну бляшанку кансерваў і, адкрываючы яе, спыталася: – Ты нямы?

      Хлопчык нават брывом не павёў.

      Айшэ тузанула яго за плячо і, калі малы ўзняў на яе свае вялікія вочы, крыкнула:

      – Ты не гаворыш?

      Хлопчык згодна заківаў, нясмела, як велізарнейшую каштоўнасць, паклаў надкусаную пячэніну побач са шклянкай


Скачать книгу