Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
якіх навокал рабілася ўсё больш.
А з панядзелка да пятніцы яны пісалі адно аднаму лісты. Не электронныя – звычайныя, папяровыя, якія прыносіў паштальён. З Надзяй гэта зусім не вязалася, бо яна была тыповай прадстаўніцай пакалення Z, мела акаўнты ў фэйсбуку, інстаграме, ватсапе ды яшчэ і твіціла. У яе было тры пошты: адна на Gmail, адна ўніверсітэцкая і яшчэ адна – на нямецкім GMX. Яна цярпець не магла цягацца па крамах, таму большасць пакупак рабіла праз інтэрнэт, і прадуктаў гэта таксама датычыла. У банку яна была адзін раз – з пашпартам, калі заводзіла рахунак. Яна перайшла на электронныя кнігі, калі яе спальня на паддашшы перастала змяшчаць паліцы, а «кнігі ў падвал я аднесці не змагу, бо гэта як пахаванне, ды і месца там няма ўжо».
І раптам гэтая дзяўчына з залежнасцю ад TCP/IP, вайфаю, GSM, NFC і яшчэ некаторых скаротаў пачала дасылаць Якубу сапраўдныя лісты. Немагчыма мілымі крамзолямі яна пісала пяшчотныя словы на высакаякаснай паперы з паштовага набору, слініла папяровыя маркі, клеіла на сапраўдныя канверты і ішла кінуць іх у скрынку, каб паспець да «гадзін вымання». Для пэўнасці Надзя сфатаграфавала скрынку на тэлефон і паставіла апавяшчэнне на пятнаццаць хвілін перад кожным выманнем. Якуб чакаў гэтых лістоў, якія мама клала яму на стол, адказваў у той жа дзень, слініў маркі і таксама бег да скрынкі. Ягоная лічбавая Надзя зрабілася рамантычна аналагавай. «Хачу, каб у мяне засталося штосьці ад цябе, нават калі ў свеце знікне электрычнасць», – сказала яна яму аднойчы, калі ён прыйшоў раней і ўбачыў яе з канвертам у руках.
Неўзабаве ў іх сумесным жыцці з’явіліся рытуалы.
Можа, і не зусім рытуалы, але сцэнарый, што паўтараўся. У пятніцу, калі Якуб прыходзіў, яны найперш кахаліся, часам – на матрацы ў яе пакойчыку, часам – на кухні, часам – у цесным ванным пакоі за тонкай, абклеенай вадастойкімі шпалерамі перагародкай пад скосам даху. Але ніколі – у цёмным пакоі з фатаграфіямі на першым паверсе. Потым сядзелі за сталом на кухні, размаўлялі да поўначы і ўрэшце ішлі на паддашша, каб, абняўшыся, паглядзець які-небудзь серыял на «Нэтфліксе» ці HBO. Якуб любіў хадзіць з Надзяй у кіно, але кіно на матрацы мела істотную дабаўленую вартасць. Бо «на стрымах», як казала Надзя, можна было ў любы момант пачаць абдымацца і цалавацца. Альбо раздзявацца.
Часам яны спрачаліся, што глядзець. Якуб памятае, што неяк паўстаў выбар паміж «Breaking Bad» і «Вавілон-Берлін». Надзя – мабыць, ад настальгіі – заўсёды хацела пра Берлін. Геніяльны прадукт. Відовішчны. Скрупулёзна ўзноўленая рэчаіснасць змрочных часоў Веймарскай Рэспублікі. Яшчэ і ў напружанні трымае, увесь – нібыта нацягнутая цеціва лука. Бясспрэчны шэдэўр. Дарэчы, першы нямецкі фільм у ягоным жыцці. У сваю чаргу, «Breaking Bad», хоць і пастаўлены з меншым размахам, асацыяваўся ў Якуба з цецівой арбалета, бо напружанне было значна большае. Менавіта дзякуючы гэтаму серыялу ён не тое каб палюбіў хімію, але, скажам так, упершыню добраахвотна да яе падышоў. Напрыклад, вывучыў на памяць усе (!) абазначэнні элементаў. У школе ніколі не выходзіла. Надзя