Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
фота, дзе яе бацька ўсміхаецца.
Але мацней за ўсё ёй у памяць урэзаўся той дзень на могілках – дзядзька Ігнацы доўга кленчыў на жоўтым пяску перад ямай, у якой ляжала бацькава труна. А потым Ігнацы з’ехаў з Польшчы і, калі не лічыць паштовак на дзень нараджэння, якія прыходзілі з розных мясцін, але ў асноўным з Паўднёвай Амерыкі, знік з яе жыцця. Яна думала, што назаўсёды, але два гады таму ён раптам зайшоў ва ўніверсітэцкую аўдыторыю. Амаль такі, як быў, толькі яшчэ больш схуднелы, пасівелы і сумнейшы, чым Надзя яго памятала. І ўсё ж агонь цікавасці ў вачах гарэў ранейшы.
З дзядзькам Ігнацы Надзя і размаўляла пра Польшчу. «З аналітычным падыходам і – што самае важнае – без эмоцый», – казала яна. Гэта ён дапамагаў ёй… Можа, не столькі зразумець, колькі раскрыць механізмы таго, што рабілася паміж Бугам і Одрай. Гэта з ім яна спакойна ўсё абмяркоўвала – з каталіцкім прафесарам, шчырым вернікам, але разам з тым – філосафам і вядомым палітолагам, які не заварочваўся ў кокан сваёй веры, сваіх ведаў і перакананняў.
Дзякуючы размовам з Ігнацы Надзя не толькі разумела ўсе тыя механізмы, але і магла сэнсоўна растлумачыць устрывожаным нямецкім сябрам і знаёмым, што адбылося ў Польшчы, надоўга гэта ці так, непрацяглая істэрыя. У істэрыі, якая з цягам часу ператварылася ў гісторыю, і яго, і Надзю найбольш трывожыла тое, што бескультурныя карлікі кінулі цень на ўсё навокал, а ненавісныя «салоны» саступілі месца «інтэлектуальным трушчобам». У дадатак вялізная частка тых салонаў падціскала хвост і са страхам уцякала, не змагаючыся ні за што, і ўрэшце ператварылася, паводле Надзіных слоў, у апазіцыю на канапе. Сядзела сабе па кухнях ды кавярнях, пісала палымяныя маніфесты ў фэйсбук і твітар, але «падняць сраку, прыйсці да будынка суда і раскрыць парасон, прыцягнуцца да кветкавай крамы, каб купіць белую ружу, і стаць за агароджаю ці перад паліцэйскім кардонам не жадала». Калі Якуб пытаў у Надзі, чаму яе гэта так злуе, дзяўчына адказвала, што «на канапе гісторыю стварыць немагчыма – толькі праспаць».
Надзя ж ад гісторыі адвярнуцца не магла і называла захаванне гістарычнай спадчыны, якому вучылася ва ўніверсітэце, узнаўленнем гісторыі з дапамогай хіміі, без якой помнікі культуры выглядалі б «як новыя пломбы ў старых зубах», а гэта няправільна, бо выглядаць яны мусяць так, нібыта за доўгія часы зусім не змяніліся. Напрыклад, за чатыры стагоддзі. Яны старэюць толькі дзякуючы хімічным працэсам, і гэтае старэнне нашмат важнейшае і нашмат складанейшае, чым «устаўляць пломбы», што мог бы зрабіць больш-менш талковы выпускнік мулярскай вучэльні.
Таксама іх рытуалам зрабіліся ранішнія выхады па булачкі і спакойныя лянівыя познія сняданкі. Ранкам у суботу, стараючыся не будзіць Надзю, Якуб бясшумна вылазіў з ложка і ішоў па свежы хлеб і яе ўлюбёныя круасаны з карыцай у маленькую пякарню ў прыбудове да раённага ўніверсама. За пякарняй месцілася легендарная, знакамітая далёка за межамі раёна цукерня пад назвай «Саладзенькі пончык». У бетоннай гаражнай сцяне