Двое на вуліцы. Янка Сіпакоў
ўсё гэта толькі здалося, бо яе абцасы тут жа, праз нейкую секунду – Алегу нават не верылася, што прайшла ўсяго секунда – зноў гулка затукалі па прыступках: тук-тук-тук, тук-тук-тук. Цяпер ужо гэты тупат быў часцейшы і больш таропкі – Тоня спяшалася, нібыта яе хто даганяў.
Алег міжволі лічыў за ёю прыступкі, спрабаваў здагадацца, на якім яна зараз паверсе, хоць і разумеў, што ўсё гэта, мякка кажучы, выглядае смешнавата.
І ўсё роўна ён як бы сачыў за ёю адсюль, з хаты, з ложка, аж пакуль не заціхлі зусім яе крокі – ці то жонка выйшла ўжо з пад’езда на вуліцу, ці то яна бегла яшчэ па прыступках, але ўжо так далёка ад сваіх дзвярэй, што Алегу нічога не было чуваць.
Ён захінуў адкінутую коўдру і зноў пачаў прыслухоўвацца: зараз лейтэнант павінен весці яго Вовачку ў садзік. Але ўсё было ціха. Відаць, Сашка завёў сына раней, калі Алег, стомлены начным бадзяннем, яшчэ спаў.
Жавейка паляжаў крыху, услухоўваючыся ў ранішнія шумы пад’езда і суседніх кватэр, затым адным рыўком устаў з цёплай пасцелі і пачаў збірацца на працу.
Раней яму заўсёды не ставала часу, а зараз ён не ведаў, што з ім рабіць.
На працы, праўда, не здоўжвалася – ён быў увесь час сярод людзей, заняты справаю, клопатамі, і таму думаць пра сваю бяду яму не выпадала. Толькі недзе пад канец змены, калі ўсе нецярпліва пачыналі паглядаць на гадзіннікі, у яго перад вачыма, як цёмная навальнічная хмара, паволі ўсплывала яго адзінота, яго прасторная, гулкая, як парожняя бочка, кватэра, і яму тады дужа не хацелася, каб рабочы дзень канчаўся.
І ўсё ж ён канчаўся, сябры, паспешна ціснучы яму рукі, развітваліся – спяшаліся ў свае цёплыя, сагрэтыя сямейным ладам кватэры, да ласкавых жонак і рассмяяных дзяцей: аднаму жонка купіла білеты ў тэатр, другому трэба забраць з садзіка дачку, трэці бяжыць шукаць падарунак, бо ў яго сына якраз сёння дзень нараджэння. А ён заставаўся тады адзін. Стаяў, як дурань, ля прахадной, думаў, куды падацца, ці рабіў выгляд, што і яму вельмі ж няма часу, што і яго нехта чакае, спяшаўся хутчэй развітацца і таропка кіраваўся ў які-небудзь бок, а пасля, мінуўшы завод, запавольваў хаду, апускаў галаву і ціха ішоў куды вочы глядзяць. Спадзяваўся сустрэць каго знаёмага. Але знаёмыя, як і таварышы па працы, таксама спяшаліся дамоў, да сваіх асветленых вокан. Яго ж вокны, Алег гэта добра ведаў, заўсёды будуць цёмныя, пакуль ён сам не асветліць іх.
Прыходзілі да яго з працы, супакойвалі, суцяшалі, спачувалі. Але ён не любіў зараз спачуванняў і не даваўся на такія гаворкі. Думаў, калі ўжо баліць, дык няхай баліць толькі яму аднаму.
Заходзіў у кінатэатры, але і там прахопліваўся раптам недзе ў канцы фільма, і тады заўважаў, што ён нічога не глядзіць і нічога не ўспрымае, а думае зноў жа толькі пра сваё.
Часам ён затрымліваўся з тымі, хто не спяшаўся дадому, хто меў намер, як кажа Лясун, «уздаць на гарачае каменне». Яны скідваліся – у каго што было ў кішэнях, ішлі ў краму, бралі гарэлку і ехалі да яго дадому, уцякаючы ад сваіх жонак – у яго ж жонкі няма, ніхто не выганіць з хаты, не насварыцца,