Двое на вуліцы. Янка Сіпакоў
тут жа, дзе стаяў, і, не працёршы нават акуляраў, абыякава павярнуўся да акна – сядзеў і паныла глядзеў на пацішэлы ад дажджу і позняга часу горад.
Жавейку было крыўдна, што Тоня вось так, як яму здавалася, без усялякай на тое прычыны пайшла ад яго. Проста сабралася і проста пайшла. Не растлумачыўшы, што да чаго, чаму. I ад гэтага яму было яшчэ болей балюча. Думалася, што каб была на тое нейкая сур’ёзная прычына – маўляў, п’яніца, дэбашыр, распуснік, лайдак – здраду жонкі ён перажыў бы, пэўна, лягчэй.
Алег і не заўважыў, як тралейбус прыйшоў на апошні свой прыпынак, як выйшлі ўсе пасажыры, а на іх месца гаварліва натаўхаліся новыя, як яны зручней усаджваліся, крычалі адно аднаму: «Хадзі сюды, тут ляпей»; і толькі калі ў расчыненыя дзверы данеслася: «Грамадзяне пасажыры! Скоры поезд нумар васямнаццаць Вюнсдорф – Масква адправіцца праз пяць мінут», ён схамянуўся і, нібы прачнуўшыся, убачыў перад сабою чыгуначны вакзал, дзе віравалі людзі, дзе было светла, успомніў, што менавіта гэтым цягніком яны з Тоняю ездзілі да яе бацькоў, і адразу ж падумаў, што ён якраз прыехаў туды, куды трэба: вакзал жыве і ўночы, як удзень, тут заўсёды людна, і яму сярод людзей не будзе так самотна.
Ён хуценька падхапіўся і, распіхваючы пасажыраў, якія націскаліся і ў пярэднія дзверы і зараз злаваліся на яго: «Што, ён праспаў, ці што? Не, відаць, п’яны», паспяшаўся да выхаду і ледзь паспеў скочыць на тратуар – адразу ж за ім зачыніліся дзверы, і тралейбус крануўся з месца.
Вакзал, як заўсёды, жыў сваім неспакойным і паспешлівым жыццём. Тут усе кудысьці ішлі, беглі, спяшаліся, у дзвярах заўсёды было многа людзей – і тых, што ўваходзілі, і тых, што выходзілі, яны сутыкаліся між сабою, заміналі адно аднаму, злаваліся – маўляў, стане ў дзвярах і стаіць, а з-за яго не прайсці аніяк, – чапляліся чамаданамі, авоськамі, клункамі за дзверы, прытрымлівалі іх нагамі, каб лепей было праходзіць.
І на самой плошчы мітусіўся натоўп. Спачатку, не прыглядаючыся, нельга было зразумець, хто і куды ідзе – здавалася, па тратуары без усялякай мэты цячэ цэлая рака галоў, – толькі Алег ведаў, што кожны ў гэтай рацэ ідзе менавіта туды, куды яму трэба: адзін спяшаецца да касы, другі цягне на платформу чамаданы, трэці толькі што прыехаў і шукае стаянку таксі.
На вакзале, хоць Жавейка і разумеў, што ён чужы гэтаму натоўпу, дзе ўсе некуды заклапочана спяшаюцца, – у яго ж тут няма ніякай спешнай справы, – усё роўна яму было спакайней і весялей.
Яму нібы перадаліся дарожная ўзбуджанасць і хваляванне людзей, якія тут ужо называліся пасажырамі, і ён, разам з усімі, падоўгу стаяў перад вялікаю шыльдаю, вывучаў расклад руху цягнікоў, націскаў на кнопкі і нецярпліва сачыў, як гартаюцца металічныя старонкі механічнай даведкі, а потым доўга і пільна ўглядаўся ў іх, быццам яму дужа важна было ведаць, калі цягнік выходзіць з Вюнсдорфа і ў колькі ён прыбывае ў Маскву.
Стаяў між людзьмі ў чарзе перад буфетам, спяшаючыся, піў халодную і вадзяністую вакзальную каву, нервова, як і ўсе, пазіраў на гадзіннік – быццам бы і яго цягнік вось-вось