Двое на вуліцы. Янка Сіпакоў
бы мне зараз адчуць, як свет руйнуецца.
Жарт быў зноў жа грубавата-пошлы, і Алег не змаўчаў, сказаў пра гэта суседу.
Зараз ён уявіў, як яго Тоня сядзіць на Сашкавых каленях, як той гладзіць яе, а яна – і Алег быў у гэтым чамусьці перакананы – сама грудзямі прыціскаецца да лейтэнанта, абдымае яго за шыю і сваімі поўнымі вуснамі шукае, як некалі шукала і Алегавы, вусны новага мужа. Кроў кінулася яму да галавы, вачам стала рэзка і горача, рукі сутаргава расшпілілі сарочку, нават разарвалі – ён толькі пачуў, як адскочылі гузікі і пакаціліся па падлозе. Але і пасля гэтага рукі не супакоіліся – яны шукалі чаго-небудзь яшчэ. Выпадкова пальцы намацалі вазу з чэшскага шкла, якую ён падараваў калісьці Тоні на дзень нараджэння, – яна якраз стаяла на століку ля тахты – і Жавейка, нібы ўзрадаваўшыся гэтаму, схапіў яе і з усяе сілы шпурлянуў у супрацьлеглую сцяну.
Наверсе стала ціха-ціха – там, відаць, пачулі грукат. Звон разбітага шкла, якое пасыпалася на падлогу, працверазіў і Алега. Бо спачатку ў яго было несцярпімае жаданне падхапіцца з тахты, пабегчы туды, наверх, раз’юшана званіць, званіць, званіць, аж пакуль не адкрыюць, не разбіраючы асабліва, надаваць аплявух таму, хто адчыніць, потым знайсці ў пакоях і другога, пацягаць за валасы і яго, пабіць усе вокны, памалаціць у хаце ўсё, што можа біцца, схапіць свайго Вовачку і ўцячы з ім з гэтай ненавіснай кватэры.
У галаве было тлумна, у вушах шумела, і яму здавалася, быццам ён правальваецца ў нейкую глыбокую яму – аж вецер, адстаючы, свішча недзе за ім. Гэтакі стан у яго, ён помніць, ужо быў – тады, здаўшы апошні экзамен у школе, хадзіў ён з хлопцамі на рэчку купацца і ледзь там не ўтапіўся. Шырока растапыранымі пальцамі, сутаргава, як за нешта цвёрдае, выратавальнае, за што можна ўчапіцца і ўтрымацца, хапаўся тады Алег за ваду, стараўся заціснуць яе ў кулакі, але яна цадзілася праз пальцы, выслізгвала са жменяў, і ён ішоў усё глыбей і глыбей – на дно…
Ён узняўся і сеў. Крыху ачуўшыся, пачаў дыхаць раўней і ўспомніў, што самая лепшая рада, якую чалавек можа даць сабе ў такі момант, – гэта паспрабаваць угаварыць самога сябе.
– Пачакай, пачакай, – разважаў ён і адчуваў, што ўся яго існасць супраціўляецца гэтым разумным думкам. – Чаго ты гарачышся? І што ты можаш зрабіць? Ну, пойдзеш, ну, наб’еш нос яму. Ну, надаеш аплявух жонцы. Ну, і што з таго? Што гэта зменіць? Ты думаеш, жонка пасля гэтага кінецца табе на шыю, скажа «а мой жа ты любы» і вы, шчаслівыя, пойдзеце дамоў? Не, такога не будзе. Не, гэта так не робіцца. Тут усё складаней. І прасцей. Паколькі яна ўжо адважылася на такое, пайшла, цяпер ніякі бой не паможа. Бі яе ці не бі, боем ужо не вернеш. Гэтым не прымусіш пакахаць зноў. І ніхто тут табе не паможа – ні родзічы, ні сябры, ні нават прафсаюзная арганізацыя ці таварыскі суд, якія заўсёды з ахвотаю, нібыта яны толькі гэтага і чакалі, накідваюцца на ўсе вось такія, крута заматаныя, сямейныя клубкі – у рашучай надзеі хутка ўсё разбэрсаць і разблытаць.
Яно, канечне, можна было б і пайсці, і палаяцца, і пакрычаць. Можа б, і ўдарыць каго. Але ж усё гэта толькі каб сагнаць сваю злосць, каб аслабаніцца ад