Беркут. Кніга першая. Мікола Міхайлавіч Адам
смешныя, хто патлаты, хто з іракезам на галаве, хто лысы, але надзвычай цікавыя. Таму яна разумела маму і тых мужчын, якія хадзілі да яе. Некаторыя часам заставаліся на ноч. Наташка не асуджала Ларысу, ніводным словам не папракнула напамінам пра тату. Жывое – жывым. І, калі гэтак цягне мужчын да жанчын і наадварот, то што ў гэтым дрэннага?..
Дзверы ў патрэбны пад’езд, як заўжды, былі напята расчынены, напэўна, з-за адсутнасці кватэр на першым паверсе, бо з іншага боку дома першы паверх займала блінная. Натуральна, асвятленне ў пад’ездзе таксама адсутнічала, як і ў кожным іншым. Зрэшты, цемра на лесвічных пралётах ніколі не ставала перашкодай для жыхароў дома. Яны ведалі на памяць канфігурацыю лесвіцы і колькасць прыступак, аднолькавую ва ўсіх пад’ездах, таму, калі б нават вельмі захацелі, не памыліліся б, не аступіліся б і не зламалі б сабе шыю. Страх, відаць, адчувалі хіба што дзеці, і тое ў выпадку адасобленасці, аднак хуткімі крокамі пераадольвалі яго і ўжо побач з дзвярыма кватэры, у якой жылі, паказвалі страху і цемры казіную ножку. Нярэдка страх выкарыстоўваў супраць насельнікаў дома сабак, якіх гаспадары час ад часу выстаўлялі за дзверы. Тыя развальваліся на кілімку (абавязковы атрыбут перад кожнай кватэрай) пад дзвярыма і ў цёмную пару абавязкова аббрэхвалі ўсіх, хто праходзіў міма, але, хутчэй, ад уласнага страху. Зрэшты, Наташка ў свой час вельмі спалохалася нападу сабакі, што адбыўся на трэцім паверсе, калі аднойчы ўзбіралася пасля школы на родны пяты паверх. Сабака яе нават пакусаў і падрапаў ногі, яна куляй тады вылецела на вуліцу і заходзілася ў нястрымным істэрычным плачу, які доўга ніхто не мог спыніць. Маці гучна пасварылася з гаспадарамі сабакі і абяцала атруціць яго, калі той не знікне з лесвічнай пляцоўкі. Ён кідаўся не толькі на дзяцей, але тыя не прызнаваліся, на дарослых таксама, якія цярпелі хвілінную нязручнасць, бо не жадалі звязвацца і трапаць нервы. Усё ж Ларыса дамаглася свайго, і сабака больш ніколі не тэрарызаваў пад’езд. Ці не выпускалі з кватэры злоснага пудзеля, ці звезлі на лецішча або яшчэ куды, Наташка не ведала, але памяць пра яго засталася ў выглядзе ледзь прыкметных шнарчыкаў ад кіпцяў і зубоў на лытках пад самымі каленкамі.
У гэтым наскрозь цёмным пад’ездзе сабакі не вадзіліся, таму маці з дачкой без прыгодаў дапялі да кватэры Беркутаў і бесперашкодна зайшлі ў памяшканне. Разбуліся ў вітальні, распрануліся і паспяшаліся ў гасцёўню, дзе Еўдакія Дзянісаўна сустрэла іх трывожным позіркам з фатэля, да якога, здавалася, прырасла і выглядала адзіным з ім цэлым.
– Прывітанне, бабуль! – падскочыла першаю Наташка, абняла і чмокнула ў старэчую, але ружовую шчаку.
– Добры вечар, мама! – павіталася і Ларыса, якая іншай мамы не ведала ў сваім жыцці. Пасля вяселля з Сашам, першым сынам Еўдакіі Дзянісаўны, неяк аўтаматычна, паўтараючы за мужам, яна пачала звяртацца менавіта так да свякрові. Зноў жа аўтаматычна села ці, хутчэй, прысела ў фатэль Пятровіча, які стаяў збоку і адначасова насупраць фатэля