Беркут. Кніга першая. Мікола Міхайлавіч Адам
мінула, ды, знясілены нервовым напружаннем, не заўважыў як заснуў. Дзед асцярожна, каб не пабудзіць, зняў яго з гарышча і занёс на руках у хату, паклаў на печ, клапатліва ўкрыў коўдрай, пяшчотна правёў рукой па стрыжанаму вожыку і прысеў на тапчан каля печы. З дальняга пакоя выйшла жонка, мо, пацікавілася, трэба чаго. Дзед адказаў, што нічога не трэба, і дадаў, каб ішла адпачываць, а на яго не звяртала ўвагі. Ён з унукам пабудзе, унуку больш неабходна зараз дзедава прысутнасць.
Стары Беркут не спаў усю ноч. Раз-пораз прыкладаў халодную вялікую далонь да гарачага ілба ўнука, астужаў яго, запавольваў ашалелую кроў у маладым арганізме, ахопленым, здавалася, агнём. Хлопец неспакойна варочаўся, стагнаў у сне, мармытаў нешта незразумелае, але не прачынаўся. Скідаў з сябе коўдру, утаптваў яе нагамі ў сцяну. Дзед зноў укрываў унука, шаптаў ці не замову над ім. Калі той прачнуўся ранкам, першае, што пабачыў, – дзедавы вочы, стомленыя, але добразычлівыя. Ён ні словам не папракнў малога, запрасіў раздзяліць з ім ранішнюю трапезу і па-змоўніцку падміргнуў. Беркут падміргнуў у адказ, як падміргнуў і бацьку, калі пабачыў таго пасля вяртання дамоў, чым абяззброіў амаль да слёз непахіснага старшыню.
5. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск. Казахская ССР
Калі Мішка, брат пакойнага мужа Ларысы, паведаміў праз тэлефанаванне пра бяду з яго бацькам і папрасіў пасядзець са свякроўю, пакуль ён не вернецца з лякарні, куды павезлі на хуткай Пятровіча, жанчына незадаволена паморшчылася. У яе былі іншыя планы на вечар, больш прыемныя і шматабяцальныя. Якраз толькі-толькі прыйшоў Андрэй, Андрэй Віктаравіч, з шампанскім і цукеркамі ў прыгожай вялікай каробцы, інжынер з завода мыючых сродкаў, на якім яна працавала падавальшчыцай. Чалавек, з якім Ларыса меркавала ўзяць неўзабаве шлюб. Вядома, ён пра яе намеры нічога не ведаў і ўпершыню аказаўся ў кватэры настойлівай супрацоўніцы, чарам якой не змог супрацьстаяць, але гэта пакуль. Ларыса не сумнявалася ў паспяховым завяршэнні задуманага. Андрэй быў чалавекам новым у горадзе. Яго перавялі на ўзмацненне прадпрыемства з вобласці як працаўніка з вялікімі паказчыкамі прадукцыйнасці працы, а ў вобласць з іншай вобласці. Так і пражыў да сарака гадоў бы перакаці-поле. Выглядаў жа ўсё ж прадстаўніча, нягледзячы на, здавалася, зацятую халасцяцкасць: высокі, з ледзь заўважнай сутулаватасцю (што, хутчэй, ад узросту, бо гады бралі сваё), чорнавалосы, без аніводнага сівенькага валосіка (бабы ў цэху жартавалі, што ён іх фарбуе, але яна ім не верыла), але, галоўнае, вусаты, і вусы яму пасавалі, як нікому. Ён нагадваў з тымі вусамі акцёра Панкратава-Чорнага, хіба што прыгажэйшага. Менавіта да вусатых мужчын Ларыса мела слабасць, напэўна, з-за таго, што тата яе насіў шыкоўныя пышныя вусы, аб якія яна малою церлася шчакою і адчувала ні з чым не параўнальнае задавальненне, зноў жа таму, напэўна, што яны належалі тату, а тата – ёй. Касцюм на Андрэю заўжды выглядаў як з іголачкі, стрэлкі на нагавіцах бездакорнай