Беркут. Кніга першая. Мікола Міхайлавіч Адам
яму бачылася савецкая ўлада, якая не цаніла ані жыцця простага чалавека, ані яго цяжкую працу ў імя яе. І не такімі ўпырамі ўяўляў ён яе прадстаўнікоў. Атрымлівалася што: скінулі адных крывасмокаў, каб на карак узлезлі з нагамі другія, яшчэ горшыя за папярэдніх. Чэкісты з нарабаваным дабром і хлебам, не апасаючыся нікога і нічога, бо менавіта яны былі багамі новага рэжыму, на які мала хто асмельваўся рот разяўляць, а калі асмельваўся – шкадаваў тут жа: гільяціна рэпрэсій апускалася з смачным чвяканнем не толькі на яго самога, а на ўсіх, хто меў неасцярожнасць нават проста выпадкова кантактаваць з ім, – рушылі на ноч гледзячы дадому. А каго ім было баяцца? Бедну басоту, у якой нічога не засталося за душой, ні волі, ні характару? Менавіта такім чынам неабходна было пачынаць будаўніцтва новай краіны з самага пачатку: як шаўковыя былі б усе народнасці, што трапілі ў вялікі і магучы саюз рэспублік, вылізвалі б боты ўпаўнаважным не фігуральна і лепшых сваіх дзяўчат прапаноўвалі б на сподку з блакітнай каёмкай ў якасці падарунку і падзякі за светлае будучае, але ўпаўнаважаныя яшчэ б падумалі, ці прымаць гэткія падарункі, наладжвалі б спаборніцтвы сярод красунь дзеля выяўлення найбольш дастойных пасродкам іх майстэрства дагадзіць сапраўдным гаспадарам свету.
Ружовыя развагі ўпаўнаважанага ператварыліся раптам у чырвона-жоўта-фіялетавы калейдаскоп, што замігцеў перад вачыма з неверагоднай хуткасцю. Гэта нехта з цішкоўцаў пацэліў яму булавой у лоб. Яны падкраліся да канвоя чэкістаў ціхаю пантэрай праз лес, які ведалі змалку, які карміў і паіў іх, быццам родныя бацька і маці разам. Напад цішкоўцаў дый самі цішкоўцы нагадвалі ў тую хвіліну вольных лясных стралкоў Робін Гуда, а Беркутаў бацька якраз Робін Гудам і выглядаў. Нягледзячы на тое, што хто-ніхто з яго атраду меў агнястрэльную зброю, ён загадаў не выкарыстоўваць яе альбо толькі ў крайнім выпадку. Яны адолеюць ворага голымі рукамі, а родны лес дапаможа. Такім чынам найбольш рухавыя і спрытныя заскаквалі на коней да чэкістаў ззаду і спіхвалі тых на зямлю ці пераразалі ім гарлякі, а потым спіхвалі. Астатнія дабівалі. Ніводзін стрэл не прагучаў з абодвух бакоў. Чэкісты проста не паспявалі дацягнуцца да зброі. Упаўнаважаны так і не зразумеў, што здарылася, паваліўшыся з воза прабітай у некалькіх месцах галавой уніз да зямлі. Па ім яшчэ патапталіся коні. Трупы перацягалі ў глыб лесу і закапалі ў загадзя выкапаную глыбокую яму, зраўнялі з зямлёй і закідалі галлём. Хлеб і шмаццё ды рыззё занеслі ў бліндаж, што застаўся з вайны, замаскіраваны пад дрэвы ды кусты, там жа пакінулі зброю. Беркутаў бацька, як і астатнія аднасяльчане ведалі, што ім усім, у выпадку чаго, не жыць, таму не сумняваўся ні ў кім. Агульнае злачынства, а ён разумеў, што гэта злачынства, як бы іх учынак не выглядаў, лепш за ўсё аб’ядноўваў аднадумацаў. Коней было шкада, але ад іх давялося пазбавіцца. На мяса рэзаць не выпадала, бо пах выдаў бы ў першую чаргу. І старшыня ўласнаручна завёў іх у балота, дзе жывёліны і патанулі.