Уладар рыбаў. Людміла Шчэрба

Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба


Скачать книгу
Анцік абвёў пакой дэманічным позіркам. – Дзе ён? – Хутка і моцна, бы гепард, скокнуў на кухню і прывалок разамлелага ад Кіцінай кампаніі Андруся, рэзка пасадзіў ля сябе. – Не крыўдуй, вуп’емо прымірэнчую. Ты – паэт, я – паэт, крыху большы. Ты – дурань, я – дурань, большы ці меншы – не нам судзіць, – кульнуў чарку.

      – Кірыл збег, – азваўся Віталь.

      – Гэты надзьмуты? Ліха з ім, з тым таўстуном. Выбітныя пісьменнікі не былі таўстымі, яны былі Талстымі альбо яшчэ й агромністымі, – махнуў рукой Анцік. – Слухай, Андрусь. Буду чытаць свой верш.

      Аднекуль пачуўся храп і соннае чмоканне. Анцік перагнуўся праз стол.

      – А-а, гэта ты, рыба-прыліпала!

      Пагляды прысутных скіраваліся на месца між сталом і канапай. Там, паклаўшы далоні пад галаву, мірна спачываў Мікіта.

      – Ну й хай сабе спіць.

      Між тым градус вечарыны мацнеў. Кіця нярвова паліла, кідаючы пажадлівыя позіркі на Вінуся. У кутку, пакінутым Кірылам, «салодкая парачка» – Анатоль і Наталя, – не звяртаючы ўвагі на астатніх, ледзьве не займаліся каханнем. Алесь сядзеў нязрушна. А Віталь лісліва зазіраў у вочы Анціку, чакаючы чарговай фразы. Вінусь выпіў і скрывіўся, узяў пляшку, паглядзеў на этыкетку:

      – «Два буслы». Гэта ж, відаць, мы з табою, Анцік.

      – Уга! Толькі я ўжо ў нябёсах, а ты яшчэ на зямлі вожкаешся. Шаноўнае спадарства! Маю гонар прапанаваць вам верш, – выйшаў на сярэдзіну пакоя Анцік. – Для цябе чытаю, Андрусь, як там цябе, Налібоцкі.

      Ён абвёў усіх уладарным позіркам, і аўдыторыя скарылася ягонаму магнетызму, сціхла ў чаканні.

      – Не хадзіце за мной, не хадзіце,

      Бо я маю рахункі з сабой.

      Не кахайце мяне, не любіце,

      Бо каханне – для дурняў сымболь…

      Чым далей Анцік чытаў, тым больш іранічнымі рабіліся пагляды слухачоў. Усе, акрамя зачараванага Андруся ды яшчэ Наталі, цішком пасміхваліся.

      – I хоць трэсніце ногі цалуйце

      Хоць Марыі Святой, хоць Хрысту.

      Мо яны пашкадуюць, даруйце…

      Анцік скончыў чытаць. Усе з цікаўнасцю дзяцей сачылі за тым, што будзе далей.

      – Ну як? – чытальнік звярнуўся да Андруся.

      Юнак захоплена ўсклікнуў:

      – Якая моц!

      – Вядома ж, моц! Болей чытаць трэба. Анатоль Сыс. У вас там, у школцы, сучасная беларуская літаратура Нілам Гілевічам, пэўна, заканчваецца. А ўжо і нашае пакаленне паспела састарэць, – сеў і выпіў чарку. – Ну а па шчырасці, дык вось што я маю. Ён ужо не выйшаў на «сцэну», застаўся сядзець і, гледзячы некуды скрозь стол, скрозь пакой, скрозь прастору, ціха пачаў чытаць:

      – Уплятаючы ружы ў вершы,

      Я памятаю каханне Пятраркі.

      Аднаўляю сэнс праз пераклад.

      Намацваю пачуццё праз час.

      Бы археолаг, танюткім пэндзлем

      Змятаю адвечны пясок занядбання.

      Ды не, я – мастак.

      Пад маімі адчувальнымі пальцамі

      Праступае партрэт Лауры,

      Яснеюць


Скачать книгу