Уладар рыбаў. Людміла Шчэрба

Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба


Скачать книгу
што табе, хай дапамогуць. Хлопцы, здаецца, відныя, сімпатычныя нават.

      – А мы й жывем тутака блізка, – падхапіў Анцік. – Чаго вам па цемры блындаць, згвалціць яшчэ хто. Хадзем з намі.

      – А вы не згвалціце? – хмыкнула Таня.

      – А мы ўсё палюбоўна вырашым, – падміргнуў Анцік.

      – Дапраўды, пайшлі, Танюха, – заблішчэлі вочкі ў Аглаі. – Думаю, яны нас не скрыўдзяць, – выходзячы з крамы працягвала яна.

      – Пакрыўдзіш такую. Грэнадзёр у спадніцы, – шапнуў Анцік на вуха Вінусю, ківаючы на Таню. Абодва засмяяліся.

      Расчыніліся дзверы ліфта. Уся кампанія ў абдымку вываліла на пляцоўку. Каля кватэры Вінуся на прыступках сядзела… Кіця.

      – Што ты тут робіш? – памкнуўся да яе Вінусь.

      – Я думала… я хацела… Ды нічога!!! – выкрыкнула яна і пабегла ўніз па лесвіцы.

      – Стой, шалёная! – рынуўся за ёю Анцік.

      – Сяброўка? – запыталася Аглая.

      – Ды так, знаёмая, – запнуўся Вінусь.

      – Не дагнаў, у тралейбус ускочыла, – уваліўся ў кватэру задыханы Анцік. – Ну й ліха з ёй.

      Час ляцеў незаўважна і весела. Дзяўчаты аказаліся надзвычай шчабятлівымі. Адтаяла і суровая Таня. У нейкі момант позіркі Вінуся і Анціка сустрэліся, і яны зразумелі адзін аднаго. Анцік з Таняй паехалі да яго. Аглая мякка абвіла Вінуся за шыю…

      …Яна спала на спіне, кароткія павекі напалову прыкрывалі вочы. Ненатуральна-белыя валасы і бялкі з-пад напаўзаплюшчаных павек рабілі яе падобнай да кінутай дзіцем лялькі… Вінусь паліў і прысёрбваў каву.

      – Пры-крап-ры-крап-ры-крап… – назаляўся кран.

      – Ды сціхні ты!!! Што вам усім ад мяне трэба?! Га?! Жыву як жыву. Я ні да кога не лезу! Ад-ча-пі-це-ся-я!!! – крычаў Вінусь некаму ўяўнаму. – Пакіньце мяне ў спакоі! Чуеце? – з усяго маху запусціў конаўку ў сцяну, плюхнуўся на табурэтку, ахапіўшы голаў рукамі.

      эпізод 5

      Скончыўшы рэдагаваць дзіцячую казку, Вінусь засеў за сваё. «Нясцерпна нудная, няўдзячная праца. Высмоктвае ўсе сілы. Яна ператварае цябе ў гіганцкага чарвяка, што заглытвае кавалкі няўробленага тэксту, пераварвае-перапрацоўвае яго і выдае багатую ўрадлівую глебу – твой твор, падпісаны іншым…»

      – Ведаеш, Каа, як яны цябе называлі? Чарвяком, земляным чарвяком! – замяўкалі голасам Багіры з мульціка пра Маўглі камп’ютарныя калонкі.

      – Ну гэта ўжо сапраўднае нахабства! – адштурхнуў ад сябе клавіятуру хлопец. – Такіх геніяльных вірусаў не бывае, каб ведалі мае думкі. – Выходзь, тлустая пачвара! Да цябе звяртаюся, – Вінусь з выклікам паглядзеў на карціну. – Не выйдзеш? Чорт з табой!

      Раззлаваны хлопец пайшоў гатаваць каву.

      – Зусім ужо дах з’ехаў. Няма з кім гаварыць, дык з намаляваным катом. Чорт ведае што такое.

      – А такі й ведае.

      Вінусь, уваходзячы ў пакой, ад неспадзеўкі выпусціў з рук кубачак кавы і, не адчуўшы апёку, проста здранцвеў. Ён не міргаючы ўтаропіўся на… Амаль на ўвесь стол, пасунуўшы манітор, уссядаў ён. Агромністы, увесь у тлушчавых зморшчках чорна-сіва-паласаты… кот. Задніх лапаў,


Скачать книгу