Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
дым мяшаўся з перагарам, маці і айчым няспынна сварыліся, перапалоханы маленькі Саша пастаянна плакаў…
Цяпер Ірка нават шкадавала малога, ці не ўпершыню ад часу яго нараджэння ставілася да Сашы як да браціка: карміла раніцою, адводзіла і забірала з садка, імкнулася паболей быць з ім на вуліцы, каб не палохаць малога хранічным гармідарам, які панаваў у іхнім доме.
Неяк у канцы сакавіка, калі Ірка вярнулася са школы, у хаце быў адзін п’яны айчым, які, як звычайна, сядзеў ля тэлевізара ў дымавой смузе ад смярдзючых танных цыгарэт і бяздумна пераключаў туды-сюды каналы. Калі дзяўчынка ціхенька прашмыгнула ў свой пакойчык, каб пераапрануцца ў хатняе, зусім неспадзявана следам увайшоў Віцёк. Яна сцялася, бо была пераканана, што той зараз пачне крычэць, нечым папракаць ці патрабаваць, каб яна штосьці зрабіла. Але той, няўпэўнена трымаючыся на нагах, моўчкі падышоў ушчыльную да Іркі. Яна адчула, як брыдка ад яго смярдзіць перагарам, цыгарэтным дымам ды нямытым целам. Нейкі невядомы раней страх перад айчымам варухнуўся недзе ў глыбіні Ірчынай душы: што ён надумаў? Біцца будзе?
На твары Віцька з’явіўся абсалютна незнаёмы дзяўчынцы выраз: вусны расцягнуліся ў кволае падабенства ўсмешкі, карыя вочы касавурыліся некуды ўбок, шырокія ноздры трымцелі ад частага дыхання…
Раптам ён абхапіў правай рукой Ірчыну шыю, а левай пачаў абмацваць яе грудзі. У дзяўчынкі ад спалоху падкасіліся ногі. Ён не ўтрымаў яе, выпусціў з рук, і яна бязвольна павалілася на падлогу.
– Якая з цябе яшчэ дзеўка?! – неспадзявана папракнуў п’яны вылюдак васьмікласніцу. – Дошка-дошкаю! Бірубалка! У мяне цыцкі і то большыя! Смаркачка ты яшчэ, Ірка! А то ходзіш тут, задам круціш… Што ты – што ты!..
Ён выйшаў з яе пакойчыка, а яна яшчэ доўга сядзела на падлозе і размазвала па твары далонямі слёзы, якія ніяк не спыняліся. Асабліва яе абурала, што яна нібыта ў нечым яшчэ і вінаватая.
Калі праз нейкі ча, Ірка расказала пра гэтае прыкрае здарэнне маці, тая ёй не паверыла. Яна не толькі не абараніла сваю дачку, а яшчэ і набрахала на яе за тое, што тая быццам наўмысна нагаворвае на ейнага Віцю, бо ён не дае ёй бясконца лайдачыць.
Пасля гэтага Ірка проста стала баяцца роднага дому і ўсё далей і далей адыходзіць ад яго ў сваіх адноўленых вандраваннях, пакуль аднойчы не апынулася ў паўразбураным цагляным млыне, які месціцца на рацэ Крывая. Ад таго часу старая камяніца на ўвесь апошні год вучобы ў школе стала яе ўлюбёнай схованкай. Тут было бязлюдна і ціха, але зусім не сумна: ля самага млына рэчка была некалі пашырана і паглыблена, і таму цяпер у гэтым месцы можна было бясконца назіраць за тым, як драпежнікі шчупакі палююць на дурнаватую плотку. А яшчэ літаральна за дзесяць крокаў ад млына два берагі Крывой спалучае мост, па якім час ад часу праносяцца аўтамабілі. Дарога даволі бойкая. Яна звязвае два суседнія райцэнтры Магілёўскай і Віцебскай абласцей: Круглае і Талачын.
Казалі, што гадоў дваццаць назад будынак млына адрамантавала нейкая сям’я мастакоў. Другі і трэці паверхі прыстасавалі пад