Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач

Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач


Скачать книгу
бяруцца, прыводзілі Ірку да таго, што яна пачынала ўяўляць, як наступнае аўто, разагнаўшыся з крутога адхону, не ўпісваецца ў даволі пакручасты выгін дарогі перад самым мостам і зрываецца ў рэчку. Гэта апынаецца машына інкасатараў, якія на нейкі час страчваюць прытомнасць, а яна тым часам паціху вымае з іхняга сейфа на колах, каб не адразу заўважылі, толькі адну-адзіную зялёную торбу з грашыма…

      І ўсё! Жыццё атрымалася! Больш няма ніякай забітай вясковай дзяўчынкі Іркі Бабровай, а ёсць папулярная, супер-пупер модная і вядомая свецкая ільвіца Ірына Баброва… Зрэшты, Баброва гучыць неяк па-калгаснаму, чаго добрага, даведаюцца папарацы, што яе ў школе Бабрыхай дражнілі… Трэба змяніць імя… З торбай грошай гэта – раз плюнуць… Яна будзе якой-небудзь Сюзі Стар ці Стэлай Артуа – праўда, здаецца, такая ўжо ёсць; ну, ці мала яшчэ ў свеце імёнаў куды больш прывабных, чым Ірка Бабрыха!.. Адным словам, цяпер у яе самы даражэнны ноўтбук і самы новы мабільнік, ці, як яны яго там называюць, айфон… Нават тры айфоны… Няхай усе зайздросцяць ёй! Цяпер яна выбірае, з кім сябраваць, а каму даваць з’едлівыя мянушкі ці не бачыць ва ўпор!

      «Абавязкова атрымаю правы і набуду шыкоўны аўтамабіль! Сіні! Не, чырвоны! І аднойчы прыеду ў Друцк… Вось так падкачу да школы, адчыню дзверцы, выйду, дастану з сумачкі айфон і запалю цыгарэтку…»

      Ірка проста ўвачавідкі бачыла гэтую сцэну: як са школы на вуліцу высыпала ўся дзятва і настаўнікі, а яна, такая ўся важная, недаступная, як з іншай планеты прыляцела, пытаецца: ну і хто тут цяпер Бабрыха? Не чакалі?..

      Уяўленне нязменна пачынала маляваць разгублена-збянтэжаныя ненавісныя абліччы аднакласнікаў, але тады Ірка прыходзіла да прытомнасці і разумела, што іх там не можа быць: яны ж ужо да гэтага часу скончаць школу… Тады яна намагалася ўявіць тую ж сцэну свайго сакрушальнага з’яўлення ў роднай вёсцы спачатку ля клуба, потым ля магазіна, але заўсёды эфект не ішоў ні ў якое параўнанне з першапачатковай версіяй: ля школы яе чамусьці пазнавалі хутчэй.

      Ірка думала, што, можа, усё ж злітуецца і дасць грошай маме, каб яна выгнала ў рэшце рэшт гэтага п’янюгу Віцька. А калі не выганіць?.. Калі не выганіць, тады і не дам!..

      Самае дзіўнае, што месца ля млына сапраўды лічылася між аўтааматараў нядобрым, і там на самай справе з зайздроснай рэгулярнасцю біліся машыны, аб чым красамоўна сведчылі крыжы ды вянкі на ўзбочынах. Толькі Ірцы, на жаль, не ўдавалася стаць сведкаю ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Цэлы месяц яе назіранняў за дарогаю не прынёс жаданых вынікаў: аварыяў не было, і ўсё! Яна ўжо была гатовая згадзіцца, каб з дарогі ў рэчку на першы раз з’ехаў няхай сабе і не шыкоўны інкасатарскі бранявік, а хаця б якая-небудзь разапошняя малалітражка: кардынальна змяніць жыццё не атрымаецца, дык хоць грошы на білет да Магілёва і назад напэўна ж знойдуцца…

      Ірка абсалютна не задумвалася, дзе менавіта ў той уяўнай разбітай машыне павінныя знайсціся грошы на білет да Магілёва. Лужыны крыві, кавалкі чалавечага мяса ды невыносныя перадсмяротныя стогны людзей


Скачать книгу