Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
як тэхналогія перапрацоўкі існага, замкнутая на чалавеку, перайначыла космас бытнавання чалавека да той меры, за якой гэты космас ужо не таясаміцца ні з чым (кім) яшчэ, акрамя як з чалавекам. З усіх бакоў, і побач, і ўдалечыні, уся прастора каланізаваная чалавекам і густа напакаваная здзяйсненнямі яго фізічнай альбо інтэлектуальнай працы. Усюды, куды вокам ні кінь, не Прырода, не Бог, а ён сам – чалавек. Дык скуль тут хтосьці яшчэ, акрамя чалавека, яго розуму і працы?!
Верагодна, падобнае абгрунтаванне немагчымасці новай трансцэндэнтнай фігуры, якая б падтрымала сакральныя міфы (і пра чалавека таксама), выглядае залішне спрошчаным, бо ўсё гэта не адмаўляе містычнага жаху перад нябытам, з чаго найперш і ўзнікае патрэба ў нейкай трансцэндэнтнай волі як аптымізацыі гэтага жаху. Але пры ўсёй спрошчанасці аргументацыі на карысць немагчымасці новага Бога старога кшталту, чалавек наўрад ці зможа пераадолець сітуацыю непасрэдна ім зробленага свету, якой ён неўпрыкмет абгарадзіўся ад магчымасцяў лучвы з сакральным і тым самым пакінуў сябе на адзіноце з самім сабой, ды яшчэ без сябе.
Адзін. Будзе туліцца на ўзбочыне быцця, ні для чаго і нікому не патрэбны.
А сам сабе ён ніколі не быў патрэбны.
Лірычны эпілог
Быццё – гэта месца, дзе збіраюцца канаць назусім усе магчымасці быцця. Татальны могільнік усяго, што мела волю быць.
Вусціш быцця ў тым, што быць больш трагічна, чым не быць. Бо быць – гэта ўжо быць, а не быць – гэта толькі яшчэ не быць.
У быць адзін сэнс – болей не быць. Нідзе. Ніколі.
Гэтаму мета-песімістычнаму разуменню быцця як тэктанічнага анігілятара ўсяго, што было вымкнутым у быццё, стаецца ў апазіцыю метааптымістычная ідэя быцця як месца, дзе ўсё, што з’яўляецца быць, застаецца назаўжды альбо ў вечным кругазвароце, альбо ў несупынных працэсах трансмутацыяў…
Але і той, хто кажа, што ўсё несмяротнасць, і той, хто кажа, што ўсё смяротнасць, пражываюць аднолькавае жыццё. І, напэўна, пасля смерці яны не разыходзяцца ў розныя бакі – адзін у вечнае Нешта, другі ў вечнае Нішто, – а трапляюць у нейкую адну наканаванасць. У наканаванасць адсутнасці таго, што было.
Жах быцця – яно адбірае быццё. Неяк бацька паскардзіўся маці:
– Пражыў жыццё, а навошта жыў? Ужо смерць падсоўваецца, а навошта жыў?..
– Куды ад смерці падзенешся? З варонамі не паляціш! – адказала маці.
Гэтае эсэ напісана з уласнай патрэбы, з патрэбы ўпэўніцца, ці меў рацыю бацька, ці мела рацыю маці, ці меў рацыю я, калі, яшчэ малады і поўны, як вока, жыццём, да болю біў па сцяне кулакамі ў адчаі ад непатрэбнасці сябе ні сабе самому, ні гэтаму свету.
Цяпер ужо не памятаю, ці быў у тым адчаі непатрэбнасці дамешак тугі па незваротнасці быцця. Напэўна, быў, бо гэтыя два зусім розныя станы нейкім неэўклідавым чынам заўсёды перасякаюцца на прасторы чалавека.
Я ўкрыжаваны на ўкосіне непатрэбнасці быццю і любові да быцця. Хаця дакладней будзе казаць не пра маю непатрэбнасць