Мімікрыя. Аляксандар І. Бацкель
рабом і, акрамя свайго новага каханьня, захапленьня, больш нічога й нікога ня бачыў, забываючыся на сваіх сяброў.
Ян быў як вада, ён перацякаў і струменіўся праз жыцьцё, праз прадметы жыцьця, празь сяброў і праз здымныя кватэры, і для яго ўласнай дамбаю апыналіся жаночыя целы, жаночыя похвы, заляцаньні й каханьні. Гэта было ў яго стыхійна, як быццам шторм на моры, які руйнуе навокал караблі і можа апантана сьціхнуць, так і Ян, спачатку штурмаваў аб’ект каханьня, а потым раптоўна прачынаўся і бачыў, што вакол яго штыль і яму да ўсяго абыякава, тады ён успамінаў сяброў.
Ян… Трэба аддаць яму належнае – менавіта Ян прыдумаў зьбірацца па выходных на вечары літаратуры й мастацтва. Паглынаў кнігі стосамі, тапіў раманы ў сваіх рэках, у сваіх струменях жыцьця… Ён зь дзяцінства на гэта хварэў і зь дзяцінства апантана захапляўся пісьмом, ён пісаў апавяданьні, казкі, і пісаў іх так жа захоплена, як і кахаў, але ў літаратуры гэта часта не ішло на карысьць, яго вільготныя тэксты мусілі пасьпець абсохнуць, але ён не даваў ім сохнуць, бо празь яго цела праходзіў буйны струмень думак, вобразаў, сюжэтаў.
Інэса хацела жыць зь Янам, хацела кахаць яго ўсім сэрцам, але, калі паветра дзьме на ваду, вада толькі цячэ хутчэй.
Інэсу пачало нястрымна цягнуць у лес, на прыроду, да возера, да рэк, да сасновых бароў, яна ўпершыню за колькі год успомніла, што даўно не была ў сваёй вёсцы, ня бачыла сваю маці, ёй было цікава, як там Юрка, які, напэўна, ўсё-ткі сьпіўся канчаткова… Інэса паехала зь дзецьмі. Узяла ў Яна машыну й выправілася. Але пасьпела даехаць да леса свайго дзяцінства, калі дзеці пачалі прасіцца ў туалет. Інэса спынілася й вырашыла зрабіць перапынак з гарбатаю ў тэрмасе й бутэрбродамі.
Інэса стаяла, паглыбленая ў свае думкі, вецер лашчыў яе залатыя валасы, яна адчувала ўнутраную гармонію, кветкі яе мякка казыталі.
Раптам дзеці знайшлі гняздо, дакладней, кавалак ад яго, напэўна, перапёлкі ці яшчэ якой птушкі. Малодшы, Глебушка, кліча: “Мама, мама! Мы гняздо знайшлі, і тут нават шалупінка ад яйка!”. Старэйшы, Міхаська, тыцкае ў гняздо ўказальным пальчыкам. На дваіх ейным дзецям адзінаццаць год – шэсьць аднаму, пяць другому. Інэса глядзіць на рэшткі гнязда.
– Гэта старое раскіданае гняздо, кіньце яго! – кажа Інэса й прысядае долу да кошыка. Спачатку яна дастае тэрмас, потым сваю любімую кнігу, пацёртую й зашмальцаваную, з такімі тлустымі старонкамі, што іх можна лёгка нашынкаваць і зварыць бульлён – Інэса ў дарогу ўзяла “Вясну ў Фіяльце, і іншыя аповесьці й апавяданьні”.
Адпачынак, сьвежае паветра, вецер, прадчуваньне роднай хаты…
Дома яе чакала маці, сястра й брат, якія ўжо сталі дарослымі й мелі сваё, прыватнае жыцьцё. Брат быў падлеткам і вожыўся ад усяго: ад абдымкаў, гутарак, дотыкаў, ён амаль адразу зьбег з хлопцамі гуляць у футбол. Сястра ж, якая толькі-толькі пераступіла мяжу юнацтва, пільна разглядал Інэсу, цікавілася яе сукенкаю, яе рэчамі, пыталася пра гарадзкое жыцьцё… Вечар яны правялі добра, адчуваючы яднаньне,