Мільярд удараў (зборнік). Юры Станкевіч
патрэскванне сухіх галінак на агні, а назбіраць сухія галінкі і спальваць іх мог толькі чалавек.
Рукамі ён крыху рассунуў лісце і – знерухомеў у нямым здзіўленні.
Проста перад яго вачыма ля невялікага вогнішча на кукішках сядзела маладая жанчына, хутчэй, нават дзяўчына ў закрытым купальніку. На першы погляд ёй было ад васемнаццаці да дваццаці гадоў: загарэлая на адкрытых месцах цела аж да чарнаты, яна была пакрыта на перадплеччах татуіроўкай. Са свайго сховішча ён беспамылкова вызначыў, што дзяўчына белая. Рэзкіх абрысаў яе твар у абрамленні прамых чорных валасоў захоўваў засяроджаны выраз – у руцэ яна трымала над агнём доўгі дубец, на канцы якога смажылася рыбіна. Раптам дзяўчына ўздрыгнула, выцягнула рыбіну з агню і пачала насцярожана азірацца па баках, быццам яе пачало нешта непакоіць. Яна спрытна ўскочыла на ногі, падхапіла з зямлі коўдру, якая ляжала непадалёку і накінула яе на сябе. «Няўжо яна нешта ўбачыла? – падумаў Слядак. – Але ж я пакуль нічым сябе не выкрыў, хіба што толькі яна нейкім чынам адчула мой позірк?»
Ён працягваў стаяць за сваёй зялёнай схованкай і чакаў, што будзе далей. Адна яна тут ці ёсць яшчэ хто? Што яна цяпер робіць на далёкім, заўсёды бязлюдным востраве – ловіць рыбу? Але ж рыбалка не занятак для маладых жанчын. Адпачывае? Дык тут не месца для адпачынку. Хаваецца? Пытанні адно за другім узнікалі ў яго галаве.
Што калі яна не адна? Гэта хутчэй за ўсё, бо жанчына ў такім гіблым месцы не можа быць адна. Тады дзе яе спадарожнік? Як ён адрэагуе, калі ўбачыць на сваёй тэрыторыі незнаёмца ў адных плаўках, які ўзнік невядома адкуль?
Урэшце, вырашыў ён, можна пачакаць і далей, але жамяра ўзлютавала яшчэ больш, і ён зразумеў, што доўга яму так хавацца не выпадае.
Убаку, за бярозкамі, нешта грувасцілася, і праз зараснікі ён убачыў невялікі армейскі намёт. Намёт! «Дык вось яно што, – падумаў ён, – значыць, гэтая дзяўчына спынілася тут не на адзін дзень і, пэўна, сапраўды не адна».
Дзяўчына між тым, хоць, быццам, нічога варожага і не заўважыла, па-ранейшаму паводзіла сябе так, як звычайна паводзіць той, хто адчувае незразумелую яму небяспеку. Яна чуйна прыслухоўвалася, разпораз абводзіла позіркам прастору перад сабой, ціха паварочвалася назад і глядзела ўжо і за спінаю.
Ён яшчэ крыху счакаў, а потым зрабіў крок наперад.
«Не бойцеся мяне, – сказаў ён, набліжаючыся. – Я заплыў сюды з Паселішча».
Дзяўчына на імгненне знерухомела, але хутка нібы апамяталася, кінулася да зямлі і адразу выпрасталася. У руцэ яна трымала нож.
Ён зрабіў яшчэ адзін крок наперад і спыніўся, сустрэўшыся з ёй позіркам.
«Я не зраблю вам дрэннага».
У зялёнага колеру вачах дзяўчыны ён не заўважыў ні страху, ні нават разгубленасці, ні сумневу, ні паразумення. Хіба што нянавісць, разбаўленую халодным разлікам, як у якой драпежнай птушкі. Толькі цяпер ён успомніў балбатню старога Крэза, бо на левым перадплеччы дзяўчыны выразна ўбачыў выяву чайкі ў палёце.
«Не бойцеся», – ён наблізіўся яшчэ на крок