Мільярд удараў (зборнік). Юры Станкевіч
Галоўнае – пазбавіць яе нажа. Ён чакаў, пакуль яна нападзе.
Крык. Пранізлівы, разлічаны на тое, каб ашаламіць. Дзяўчына кінулася на яго, выставіўшы нож. Ён зрабіў падманны рух, ухіліўся і схапіў яе за кісць. Падсечка – і дзяўчына ўпала на зямлю. Ён вырваў нож з яе рукі.
«Устаньце, – выдыхнуў ён. – Я не зраблю вам дрэннага».
Яна моўчкі паднялася на ногі, і ён нібы ўпершыню ўбачыў, што дзяўчына ненатуральна гнуткая, з шырокімі плячыма і стройнымі нагамі – ніводнага грама лішняй вагі. «Пэўна, так выглядалі старажытныя амазонкі», – пранеслася ў яго галаве.
«Забярыце», – сказаў ён і працягнуў ёй яе зброю.
Дзяўчына імклівым рухам выхапіла з яго рукі нож. Яна ўся дрыжэла.
«Супакойцеся. Я вам не вораг».
Сонечныя блікі скакалі па яе целе, прабіваючыся скрозь лісце бяроз. У вачах дзяўчыны па-ранейшаму тлела нянавісць.
«Нам варта пагаварыць, і я сыду», – сказаў ён.
Але замест адказу яна зрабіла знак рукой, быццам камусьці за яго спінай, і ён інстынктыўна павярнуўся, каб паглядзець, каго гэта там яна ўбачыла. I ў тое ж імгненне зразумеў, што гэта не што іншае, як выкрут, каб адцягнуць увагу, рэзка адхіліўся, але запознена – лязо слізнула па яго перадплеччы, болю ён не адчуў, а другая падсечка зноў зваліла дзяўчыну на зямлю.
Ён адразу заламіў ёй кісць болевым прыёмам, і яна мусіла выпусціць нож, які, як і раней, апынуўся ў яго руках. Ад неглыбокага парэзу, які ён убачыў на сваім перадплеччы, заструменіла кроў. Ён сарваў нейкую расліну і прыклаў да раны. Дзяўчына з зямлі сачыла за тым, што ён робіць.
«Уставайце, – сказаў ёй Слядак. – Болын вы мяне не падманеце. Я – не вораг, зразумейце гэта».
Упершыню яна распяла вусны. «Ідзіце адсюль. Уцякайце».
«Але чаму?»
«Я тут не адна. Сюды прыйдуць».
3 паўхвіліны ён думаў над яе словамі, а потым выказаў сваю здагадку: «Я ведаю, што вас расшукваюць і што вы з тых траіх, хто аб'яўлены ў вышук. Гэта вы спілавалі бранзалеты, калі хаваліся ў доме старога Крэза?»
Дзяўчына імклівым рухам ускочыла на ногі.
«Чаго вы хочаце?» – спытала яна.
«Я хачу знаць праўду, і я пайду».
Ён у другі раз працягнуў дзяўчыне яе нож.
«Больш не рабіце глупства!»
Яна выхапіла з яго рукі зброю.
«Уцякайце, пакуль не позна».
Слядак ужо быў упэўнены ў слушнасці сваіх здагадак. Гэтая дзяўчына, безумоўна, адна з тых самых траіх уцекачоў, пра якіх яму расказваў стары апантаны. Дык гэта іх ён хаваў у сваім жытле, а пасля дапамог знікнуць? Так. Але, чаму яны не сыходзяць з гэтых месцаў назаўсёды?
«Чаму вы не сыходзіце адсюль? – спытаў ён. – Хутка пачнецца сезон дажджоў, тут усё залье, а потым увогуле прыйдзе зіма».
«Яшчэ зарана».
Слядак на секунду-другую адвёў позірк, каб агледзецца – ён інтуітыўна адчуў, што агрэсія яе пайшла на спад, – і раптам убачыў на вяроўцы, працягнутай ад дрэва да дрэва, нешта накшталт карнавальнай маскі. Сапраўды, гэта была