Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
знік. Але трэба спадзявацца на свой досвед, на шанец, на ўдачу. Дзеля адзінай істоты, якой на ягоным ацаленні сапраўды залежала. – Беражыся, родны, – упрошвала на апошняе развітанне. – Апроч цябе нікога не маю… Памятай пра гэта… – Не бойся, Гануся, нічога са мною не здарыцца, – супакойваў як мог. Ведаў, што можа здарыцца. – Слухайся пана Кіпрыяна, і ўсё будзе добра, – прыкрыў горыч няўдалым жартам.
Яна мужна не паддавалася роспачы і прасіла, каб не рызыкаваў на злом галавы, каб памятаў, дзеля каго павінен берагчыся.
– Пан Кіпрыян для мяне і брат, і бацька, але ж кожнаму хочацца мець некага роднага…, – прамовіла ціха, як для сябе самой. – Хто жывым вяртаецца… – «Ці не яе малітвы абераглі?» – падумаў шчаслівец.
Але не час быў разжалобіцца. Агледзеў здабычу. Жарабец гнядой масці быў здатны, сядло і збруя нічога сабе. Толькі страмёны высакавата, папусьціць путлішчы і будзе самраз. Аніякіх гербавых ці іншых знакаў нідзе не заўважыў. Найбольш узрадавалі пісталеты ў абодвух ольстрах. Парахаўнічка і зарады, на шчасце, з ім, так што са зброяй не найгорш. Праверыў, ці надзейна заціснуты крамяні, падсыпаў драбнюткага пораху на палічкі, асцярожна прыціснуў покрыўкі. Можа так здарыцца, што і выхапіць не паспееш, але да стрэлу зброя павінна быць заўжды гатова.
Пашныпарыў па торбах і сярод рознай драбязы знайшоў падчарсцвелы, але прыдатны хлеб, пляшку слабой гарэлкі і крыху вяндліны. У малой берасцянцы соль. Нават крэсіва з губою, так што меў іх зараз два, бо сваё заўсёды трымаў у кішэні. Пашкадаваў страчанае. Палярына ў скрутку ля задняй лукі, пісталеты ля пярэдняй. У торбах запас ежы, прылады дзеля нагляду за канём. Конь і ўсё пры сядле былі яго гаспадаркай, бо іншай не меў. І зноў збірай—набывай.
Перахапіўшы, што мелася, можна было рушыць далей. Едучы, раз-пораз спыняўся, прыслухоўваўся і не мог пазбавіцца ад думкі, хто ж спрабаваў яго ўпаляваць? Шмат непрыяцеляў у яснепана Льва Сапегі*. І тут, на Масковіі, і дома, у Вялікім Княстве, у Кароне. Вялікі канцлер Княства не залічаў сябе да апазіцыі каралю і ягонай «каморнай радзе», але заўжды хадзіў уласнымі сцежкамі.
Хоць бы тымі, калі ў руках вялікага канцлера апынуўся лёс трох краін, Масковіі, Кароны Польскай і Вялікага Княства. Ён жа разумеў, што падпісанне Вечнага міру патрабуе ад маскавітаў неверагоднага глупства альбо выключнай дальнабачнасці. Ні першага ні другога не спадзяваўся. Хіба цуд здзейсніць такі подпіс. Бо замест простага міру вялікі канцлер двума дзесяткамі артыкулаў прапанаваў аб’яднанне трох краін у адну. На Варшаўскім Сойме караняжы ўбачылі ў гэтым жаданне вырваць ад іх лакомае Вялікае Княства, ладны кавалак якога яны ўжо адхапілі на Украіне. Да таго ж з Вечным мірам каронныя палітыкі трацілі пужала, якім звыклі ціснуць на Вільню і украінскіх паслоў. Кінуліся даводзіць, што Рэч Паспалітая не такая слабая, каб выпрошваць мір у маскавітаў. Але вялікі канцлер не збіраўся саступаць і складваць рукі.
Не раз чулася, як даводзіў падначаленым, што ўсё, што аджыло свой век, не прызнае паразы, пакуль не адпомсціць