Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
пад мушкет у іх заўсёды знойдуцца. Пагадненне вядома таемнае, але чутно, на Маскве пра яго вераб'і цвіркаюць.
На суцяшэнне відавочных страт шведы паабяцалі цару крэпасці, якія ваявода Скопін—Шуйскі лёгка адваюе з дапамогай шведскіх жаўнераў пад камандай славутага Дэлагардзі*.
– Уліта едет, когда то будет! Так у іх, здаецца, кажуць, – пагардліва хмыкнуў недаверлівы.
Як там Уліта, а шведы сапраўды не спяшаліся. Вясною 1609 года корпусы Дэлагардзі і Эвергарда Горна* падыйшлі да Ноўгарада і 31 (10) траўня з войскам Скопіна—Шуйскага пайшлі на Маскву. Якуб Дэлагардзі вёў за сабою дзве тысячы коннікаў і тры пяхоты. З вышыні сваіх дваццаці сямі год паблажліва аглядаў недавучанае войска маскавітаў і яго дваццацітрох гадовага ваяводу. Ля Цверы перамаглі пана Збароўскага*, але за сотню вёрст ад сталіцы шведы адмовіліся ісці далей. Бач, плату атрымалі толькі за два месяцы замест чатырох і горад Карэлу дагэтуль не перадалі. Цар замітусіўся з пошукамі грошай і выкананнем іншых пунктаў дамовы.
«Наше царское величество вам, любительному государю Каролусу королю, за вашу любовь, дружбу, вспоможение и протори, которые вам учинились и вперед учинятся, полное воздаяние воздадим, – паспешліва пераконваў царскі ліст, – чего вы у нашего царского величества по достоинству ни попросите: города, или земли, или уезда.»
Зямель у Масковіі досыць, а Васілю Шуйскаму, асочанаму ў Маскве нібы ў пастцы, на шведах залежала больш чым на ўласным апалчэнні.
Караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ* уваход шведскага войска ў межы Масковіі не ўзрадаваў. Менш года таму каралеўскія паслы князь Ян Друцкі-Сакалінскі* і Станіслаў Вітоўскі* падпісалі з Масквою перамір'е на чатыры гады. Можа дапамагло папярэджанне Льва Сапегі на пагрозы маскоўскіх баяраў пачаць вайну: – Вайну вы пачаць можаце, але канец вайны ў руках Божых.
Так то яно так, але істінно православное воінство Бог не пакіне сваёй ласкай. Таму і ў дзень падпісання перамір'я да неверагоднасці цёмны цар Васіль вагаўся, ці не выправіцца разам са шведамі паліць Вільню. Хоць па дамове меў выпусціць палонныз з Рэчы Паспалітай, а кароль Жыгімонт адклікаць партызанаў «царэвіча» Дзьмітрыя, не ўсе палонныя атрымалі волю і прыхільнікі Дзьмітрыя таксама не паслухаліся.
Парушэнне перамір'я Масковіяй было зручнай нагодай дзеля крыжовай выправы каталікоў супраць праваслаўя. Не так моцныя ў геаграфіі, як у веры клерыкалы пераконвалі караля Жыгімонта мімабегам змяніць і веравызнанне Пэрсіі, якая недзе там блізка за Масквою! – Найяснейшы пане! – даводзілі гарачыя. – Маем неаспрэчныя сведчанні надзейнага чалавека. Айцец Францішак не мог памыляцца.
Айцец Францішак Рыкарда, езуіт, місіянэр з тытулам пасла Рэчы Паспалітай у Персіі, настойліва запэўніваў, што тамтэйшы шах гасцінна прыме хрысціян з добрым войскам. Ну а там круцыфікс у рукі і Бог бацька!
– Пачакайце, святыя айцы і нецярплівыя вашмосьці, – стрымлівалі цверазейшыя. – Не ў ваду ж ад дажджу. Не так проста Масковію зваяваць, як некаму