Сімъ побѣдиши. Алесь Пашкевіч
Канстанцінопаль, захопяць чужынцы. І ты, добрапрыстойны брат Ніл, мусіш ехаць да патрыярха і папярэдзіць яго аб небяспецы. Не ўваскрэснуць таму, што не памерла. Але цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга. У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый. Не дай яму знікнуць! Ратуй слова Збаўцы!
– Брат Філафей… – голас ігумена задрыжэў. – Разам і ў малітвах, і ў справах клапаціцца аб тым будзем.
– Не наканавана таму збыцца, – прачула ўсміхнуўся афонскі старац. – Праз сем дзён Усявышні пакліча мяне на суд свой строгі…
Верасень 1429 года
Сонца гарэла над святой гарой, і каб не мружыцца, ігумен Ніл насунуў на сівыя бровы востраканечны куколь выцертага схімніцкага хітона. Чорная тканіна, сшытая зверху над галавой, разрэзы на рукавах – усё сведчыла пра строгасць і пакору абранага жыцця, адасобленага ад свету…
Бераг адплываў далей і далей, а Ніл не мог адарваць ад яго свайго блакітнага позірку. Што было ў ягоных вачах, у якіх адбівалася вада і неба, смутак і надзея? Што, акрамя малітвы, было ў ягонай душы?
Калі адышоў да Бога старац Філафей, у манастырскай царкве заплакала ікона Божай Маці «Троеручыца», а нараніцу пасля пахавання старца ў келлю ігумена ўляцеў белы голуб: сеў на падваконне і не варушыўся ўвесь час малітвы…
І тады ігумен вырашыў адправіцца ў Канстанцінопаль да патрыярха – распавесці пра Філафееў сон ды папрасіць святой парады.
Афон з карабля ўжо здаваўся невялікай даланёй – толькі заручальны пярсцёнак хмаркі завісаў над гарой. Там – падумалася ігумену – і злучалася неба з зямлёй.
…Яшчэ ў язычніцкія часы на паўвостраве ўзвышалася пазалочаная статуя Апалона, а на гары быў ягоны храм. І само месца звалася Апаланіядай. Пазней там узвялі храм Зеўса, якога па грэцку звалі Афос (Афон). Цяпер жа і да заканчэння свету той край з нябесным спалучаны імем Маці Божай. Калі яна плыла да Лазара Чацвёрадзённага на Кіпр, на моры раз’юцілася бура – і карабель прыбіла да скалістага афонскага берага. Гавораць, калі святая Марыя ступіла на яго, статуя Апалона павалілася…
– Дык ці будзе, ойча, у нас добры ўлоў? – спытаў ігумена старэйшы рыбак (напрыканцы шляху збіраліся закідваць невад – каб прадаць рыбу на канстанцінопальскім рынку).
Ігумен Ніл усміхнуўся, правёў даланёй па мяккай барадзе і мовіў:
– Я ж не варажбіт, чалавеча. Нікому са смяротных не дадзена знаць пра жыццёвую лоўлю. На тое ёсць вечны лавец душаў – Бог наш нябесны. Папрасіце ласкі Ягонай – і будзе вам улоў…
Яшчэ тры разы вынырвала з марскіх глыбіняў і атухала ў паружавелай вадзе вераснёвае сонца, пакуль іхні карабель скінуў якар на дно бухты Залаты Рог.
Кажуць, выспа – вароты Басфора – нагадвае галаву арла. Арол з дзвюма галовамі – герб Усясветнай Канстанцінопальскай Патрыярхіі і цяперашняй імператарскай дынастыі Палеалогаў.
У даўнія часы грэкі каланісты заснавалі на выспе горад Візантыя ў гонар свайго