Сімъ побѣдиши. Алесь Пашкевіч
Нябесная! Злітуйся і дапамажы нам, грэшным… Выратуй і зберажы!.. – па яго сухіх шчоках пабеглі слёзы. Затым звярнуўся да спраўніка і папрасіў дрыготкім голасам: – Пакліч сюды афонскага ігумена…
Але той, правёўшы ноч у малітве, як толькі прагучала першая варта – рушыў са сваім келейнікам да карабельнай прыстані. Там яго і адшукаў спалоханы спраўнік. І вось ігумен – зноў у троннай зале.
– Сядай, браце, на маё месца, – паказаў яму патрыярх на свой сталец, – а я, грэшны і сляпы, буду каля ног тваіх літасці прасіць, – і ўкленчыў перад ігуменам. Той усё зразумеў і асунуўся звяў каля патрыярха.
Яны абняліся і плакалі, не маючы сілаў на словы. І слёзы былі іхнімі словамі.
Так і сядзелі: адзін насупраць другога.
– Што яшчэ распавёў брат Філафей? Што сам аб тым думаеш?
– Думаю, што храм унутры кожнага з нас, і калі ёсць вера – аніводзін вораг яго не разбурыць. А ў кожнай душы павінна быць слова Божае. Думаю, – ігумен натхнёна зірнуў патрыярху ў вочы, – святую Канстанцінопальскую бібліятэку небяспечна захоўваць у адным месцы…
– Прапануеш перавезці скрыпторый?
– Так, часткова. Падзяліць на тры траціны – і ў спакойнае месца, пад апякунства братоў праведных… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? – казаў нам брат Філафей. – Бо вандруе па ўсім свеце. Так і святыя кнігі павінны асвятляць усе землі Гасподнія. Асабліва тыя, дзе мала святла»…
Зноў доўга маўчалі.
– І яшчэ… – абудзіўся ігумен. – Варта шырыць Евангелле й словы апосталаў ды святых айцоў Царквы Хрыстовай. Некалі пры патрыярху Фоцію квітнела вялікая школа перапісчыкаў. Дзейнасць яго вучня асветніка Канстанціна Кірыла ад балгараў да русаў увасобілася ў літарах і словах. І ўжо хутка дзень, калі святую кнігу будзе мець кожная авечка Хрыстовая…
Патрыярх неўразумела апусціў бровы, а ігумен патлумачыў:
– Святло веры Хрыстовай шырыцца па ўсім свеце, і перапісчыкі ўжо не могуць, не паспяваюць задаволіць кнігамі нават святароў новаўзведзеных цэркваў. Не хапае пергамена, не кажу ўжо пра танчэйшы велен… – і Нілавы вочы раптам заззялі: – Мы павінны даць кніжнаму слову новае жыццё!
Бровы патрыярха апусціліся яшчэ ніжэй.
– Так, новае! – ігумен Ніл аглядзеўся наўкол, узняўся (за ім – і патрыярх) ды падышоў да глінянай вазы, асцярожна павярнуў яе, прымружыў вочы: – Так, вось… – ён пастукаў пальцам па ганчарнай метцы таўру. – Вось знак адціснуты, а не напісаны. Гэта – новае нараджэнне і знака, і слова.
Патрыярх стаяў каля ігумена, слухаў, але – было відаць – мала што разумеў.
– Ці яшчэ… Вашая Свяцейшасць, колькі разоў вы прыкладалі на булы й пасланні сваю патрыяршую пячатку?
– Дык хіба ж тое злічыш?
– Вось! – узрадаваўся ігумен. – А цяпер уявіце, што пячатка мае памер кнігі – гэта ж колькі старонак за адну варту адціснуць можна! Тысяча пісцоў з тым не справіцца!
Патрыярх змуліў вусны, прыгладзіў акуратна падрэзаную бараду, а ігумен працягваў:
– На