Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру. Отсутствует
чэшскую і нямецкую. Чытаў іх – і патрохі авалодваў мовамі. Таму першай маёй публікацыяй у «Маладосці» быў пераклад апавядання Цыліі Лачавай «Сельскі анёл» – адзін з двух маіх перакладаў з балгарскай мовы. Памятаю, аднойчы мяне нават запрасілі ў пасольства на нейкі прыём. І потым, калі ездзіў у Балгарыю на з’езд славістаў, – гэта было ўжо падчас вучобы ў аспірантуры, мне было лёгка – я сапраўды ведаў мову.
Не перастану падкрэсліваць: першым, хто штурхнуў мяне на даследчыцкі шлях і заняткі літаратуразнаўствам, быў Давід Яўсеевіч Фактаровіч. А паколькі гэта мая фраза пра яго трапіла на вочы ягоным дзецям – сынам і дачцэ, яны неяк папрасілі, каб я напісаў прадмову да кніжкі выбраных прац іх бацькі, ужо пасмяротнай. Я і напісаў гэту прадмову. І дапамог у складанні кніжкі. З той пары ў знак удзячнасці Ірына Фактаровіч на кожныя Каляды дорыць мне надзвычай смачнае печыва, якое ў яе сям’і гатуецца на свята Ханукі…
– Праглядаючы, што канкрэтна было напісана мною для «Маладосці», ды ацэньваючы, як я, уласна кажучы, да гэтага часопіса ставіўся, бачу, што мая праца ў ім досыць сур’ёзная. І гэта пры тым, што я заўсёды імкнуўся знайсці нейкія хоць і цікавыя, але дробязі.
Фактычна, першыя мае публікацыі ў «Маладосці» былі адкрывальніцкія. У тым сэнсе, што я адкрываў як нашы імёны тых людзей, што нашымі не лічыліся. Першае імя – Станіслаў Манюшка. Сёння ўсе ўжо са мной пагаджаюцца, што хоць ён і бацька польскай оперы, але кампазітар наш, беларускі. Возьмем далей Ігнацы Дамейку. Кім яго лічылі? «Ат, нейкі быў падарожнік і герой, польскі і чылійскі, адкрыў невядома што». А я глянуў на яго біяграфію – і зразумеў, што гэта чалавек, якім мы, менавіта мы можам ганарыцца. У карэнным народзе Арауканіі, індзейцах, што выціснутыя былі з актыўнага жыцця каланізатарамі, Дамейка бачыў перш за ўсё людзей, народ з багатай гісторыяй. Ну, і калі прыйшоў час святкаваць 200-годдзе з дня нараджэння Дамейкі, у мяне раптам пытаюцца: «Твая была першая публікацыя пра яго?» – «Мая», – адказваю. – «А дзе?» – «А ў “Маладосці”». – «То табе і трэба браць у рукі лейцы». І я зрабіў пра Дамейку кніжачку, потым прачытаў даклады на акадэмічнай канферэнцыі, а самае галоўнае – удакладніў біяграфію, устанавіўшы, дзе ён нарадзіўся. Лічылася, што дзесьці на поўначы, на Вілейшчыне. Нібыта ён там быў і хрышчаны. Але, абапіраючыся на дзённікі, якія ён пісаў у Чылі і якія былі некалі выдадзены, я зрабіў выснову, што гэта Мядзведка (Niedźwiadka), цяпер – Карэліцкі раён. Мы ўстанавілі там памятны камень і з міжнароднымі гасцямі на высокім узроўні адзначылі юбілей.
На жаль, у нас так: як юбілей надыходзіць – тады ўспамінаем, нешта адкрываем, робім, рупімся, а потым – зноў забываем. Сярэдняя школа ў Мядзведцы, не паспелі ёй прысвоіць імя Дамейкі, як закрылася. Вёска гэта – не аграгарадок. Але камень, вельмі спадзяюся, яшчэ пастаіць. Памятны камень устаноўлены і каля касцёла ў Міры – там пахаваны бацька Дамейкі, і на Лідчыне, дзе Ігнацы быў у своеасаблівай ссылцы – як удзельнік руху філаматаў і філарэтаў. Гэты чалавек ствараў вышэйшую адукацыю