Скрозь «Маладосць». Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру. Отсутствует
ўвага на маладых. Міколу Аўрамчыка, які загадваў аддзелам паэзіі, паэты любілі, як бацьку.
– Рэдакцыя першапачаткова размяшчалася ў будынку на рагу вуліц Маркса і Чырвонаармейскай, каля танка, дзе засядаў таксама ЦК камсамола. І якраз камсамол быў заснавальнікам часопіса. А не скажаце, чаму ўзнікла такая патрэба – стварыць яшчэ адзін беларускамоўны літаратурны часопіс – пры тым, што ўжо існавала «Полымя»?
– У першую чаргу, гэта было звязана з павелічэннем колькаснага складу Саюза пісьменнікаў. З’явілася шмат новых імёнаў, якія таксама трэба было друкаваць, і адно «Полымя» з гэтым ужо не спраўлялася. А яшчэ – ведаеце што? У тыя гады існавала ідэалагічная ўпэўненасць, што можна выхаваць цалкам новага чалавека. Нават ставілася такая задача. А што як не літаратура мае здольнасць па-сапраўднаму выхаваць маральныя якасці і, скажам, густы? Яна, канешне, можа і псаваць іх, але гэта ўжо іншае пытанне. І вось камсамол як выхавальнік моладзі ўзяўся за гэту справу. Дарэчы, такія часопісы – для маладых – меліся ўжо на той час у Маскве. Па-мойму, ці не з гэтай мэтай пачала зноў выдавацца «Молодая гвардия». У Кіеве таксама ўжо выходзіў аналагічны часопіс – пад назвай «Дніпро». Ну, а ў нас узнікла «Маладосць». Спачатку тонкі, часопіс паступова ўвабраўся ў сілу, набыў аб’ём і займеў даволі шмат задач і абавязкаў: выхоўваць падрастаючую змену літаратараў, задавальняць попыт школы – вучняў, настаўнікаў, моладзі.
Часопіс «Маладосць» – гэта спадарожнік пакалення, абпаленага вайной, тых, хто за ваенны і пасляваенны час назапасіў вялікі жыццёвы вопыт, складаны і гераічны. Я думаю, калі гэтыя людзі ўвайшлі сваёй творчасцю ў жыццё і літаратуру, то іх духоўны патэнцыял таксама патрабаваў такога часопіса – каб знаходзіць у ім адказы на пытанні, пастаўленыя самім жыццём. Мне здаецца, гэта адбылося вельмі натуральна.
– Сімвалічна, што самае непасрэднае дачыненне да заснавання «Маладосці» меў Машэраў.
– Так, Машэраў вельмі сябраваў з пісьменнікамі. Блізкім чалавекам у гэтым асяродку для яго быў Аркадзь Куляшоў. Машэраў, я так разумею, добра ўплываў на Куляшова. Але пры гэтым і сам прыслухоўваўся да слова і адчування свету паэта. Праўда, паэма «Цунамі» – гэта была ўжо другая палавіна 60-х, прыблізна 68-мы год – Машэраву не спадабалася. Там, калі памятаеце, гэтакая рабінзанада – двое на далёкім востраве. Яны хацелі ўцячы ад цывілізацыі і зліцца з прыродай, але нічога не выйшла: іх і там напаткала небяспека ў выглядзе атамнага грыба – хтосьці на далёкіх астравах Бікіні выпрабоўваў новую зброю. Вось гэта думка – пра ўцёкі ад турботаў веку, «рабінзанада» – Машэраву не спадабалася. Я думаю, што тут яму хацелася ўбачыць «класавы падыход», магчыма, больш «прынцыповы» позірк: мы, маўляў, моцныя і нічога такога не баімся, а вось героі «Цунамі» павялі сябе крыху інакш. Аўтар жа прыходзіць да думкі, што небяспечнага прытулку знайсці ўвогуле немагчыма. Машэраў пасля, можа быць, ужо не так часта сустракаўся з Куляшовым, але Куляшоў мог звярнуцца да Машэрава з нейкай просьбай.