Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
не ведаю, як мне быць. Раптам сёння раніцай я зразумеў, што вы можаце даць мне параду, таму адразу паспяшаўся да вас – і цяпер цалкам аддаюся ў вашы рукі. Калі вам нешта засталося няясным – прашу вас, задавайце пытанні. Але перш за ўсё скажыце мне хутчэй, што рабіць, бо я ўжо не магу цярпець гэтай пакуты.
Мы з Холмсам зацікаўлена слухалі гэты незвычайны перарывісты аповед усхваляванага чалавека. Мой кампаньён нейкі час сядзеў моўчкі, падпіраючы рукой падбароддзе, занураны ў свае думкі.
– Скажыце, – прамовіў ён урэшце, – ці можаце вы паклясціся, што ў акне бачылі чалавечы твар?
– Кожны раз, калі я яго бачыў, ён быў даволі далёка ад мяне, таму тут немагчыма паклясціся.
– Аднак вы былі ім непрыемна ўражаныя.
– Мне здавалася, што ён нейкага ненатуральнага колеру, да таго ж нібыта здранцвелы. Калі я падыходзіў бліжэй, ён рэзка знікаў.
– Як даўно вашая жонка папрасіла сто фунтаў?
– Недзе з два месяцы таму.
– Вы бачылі фотаздымак яе першага мужа?
– Не, у Атланце, у хуткім часе пасля яго смерці, быў пажар, і ўсе яе паперы згарэлі.
– Але ў яе засталося пасведчанне аб смерці. Вы казалі, што бачылі яго.
– Так, пасля пажару яна атрымала дублікат.
– Вы ведаеце каго-небудзь, хто быў знаёмы з ёй у Амерыцы?
– Не.
– Ці гаварыла яна пра тое, каб зноў наведаць Амерыку?
– Не.
– Можа, яна атрымлівала адтуль лісты?
– Не.
– Дзякую. Зараз я хацеў бы крыху абдумаць справу. Калі цяпер у катэджы пастаянна пуста, будуць пэўныя цяжкасці. З іншага боку – што я лічу больш імаверным, – калі жыхароў папярэдзілі аб вашым прыходзе і яны сышлі да таго, як вы ўвайшлі ўчора, то сёння яны ўжо маглі вярнуцца, і мы з лёгкасцю ўсё гэта высветлім. Дазвольце параіць вам, такім парадкам, вяртацца ў Норберы і зноў праверыць вокны катэджа. Калі ў вас будуць падставы думаць, што ў ім нехта жыве, не трэба зноў прыходзіць да мяне – проста дашліце нам тэлеграму. Мы з сябрам прыедзем да вас не пазней як праз гадзіну пасля яе атрымання, і тады вельмі хутка дабяромся да сутнасці ў гэтай справе.
– А калі там зноў пуста?
– У такім выпадку я прыеду да вас заўтра, і мы абмяркуем усё. Да пабачэння і, галоўнае, не хвалюйцеся, пакуль дакладна не даведаецеся, што ў вас ёсць на гэта прычына.
– Баюся, Ўотсан, справа кепская, – сказаў мой кампаньён, правёўшы містэра Гранта Манро да дзвярэй. – Што вы можаце сказаць?
– Гучыць нявесела, – адказаў я.
– Тут мае месца шантаж, або я моцна памыляюся.
– А хто шантажыст?
– Думаю, гэта істота, што жыве ў адзіным утульным пакоі ў тым доме, там, дзе на каміннай паліцы стаіць фотаздымак. Шчыра кажучы, Ўотсан, ёсць нешта вельмі прыцягальнае ў гэтым васковым твары ў акне, і я нізашто не хацеў бы ўпусціць гэты выпадак.
– У вас ёсць тэорыя?
– Так, толькі папярэдняя. Але я буду здзіўлены, калі яна выявіцца памылковай. У доме жыве першы муж