Брыгадны генерал (зборнік). Кастусь Травень
трэба ехаць туды, дзе грукоча вайна, там можна хутка стаць сапраўдным генералам?
– Каб была магчымасьць, я падумаў бы … і паехаў бы…
Бахановіч пазіраў на Мухабоя з журбой, ён усё разумеў у жыцці новаспечанага казака і зараз ягоныя адчуванні-думкі рухаліся ў накірунку, што яму рабіць з гэтым савецкім вайскоўцам-казаком, каб не сапсаваць з ім стасункі ў будучыні.
«…Зараз Мухабой, канечне, нейтральны чалавек, хістаецца на самай мяжы жыцця, шукае, да каго далучыцца, каму сесьці на хвост. «Казакі» – гэта тыя самыя «брыгады», гуртаванне ўсіх тых, хто не знайшоў сябе ў сучасных варунках, і якіх можна ў далейшым скарыстаць у патрэбны момант у якасьці масоўкі нейкай палітычнай сілай. Калі сёння Віктара Мухабоя не падтрымаць, ён стане ў шэрагі яго ворагаў і, мабыць, ворагаў суверэннай краіны. Калі працягнуць руку – ён будзе сябрам…»
У гэты момант з хаты паклікалі да тэлефона «каго-небудзь». Выраз «каго-небудзь» быў знакавым словам, гэтага тэлефанавання яны чакалі сёння другую палову дня. Бахановіч кіўнуў галавой Уладзю Церашонку, каб ён прайшоў да тэлефона. Той рушыў у хату, дзе працяглы час з некім гаварыў.
Бахановіч, знешне рахманы, разглядаў Мухабоя і лагодна падтрымліваў гаворку:
– Мы, наогул, еўрапейцы! Адрозніваемся ад заходніх азіятаў тым, што ў нас «штаны з лампасамі» не стаяць на першым месцы.
– У чым тады сэнс жыцця, Стах?
– Некалі тутэйшая бабця Марыя адказала на пытанне Лабановіча[15] аб сэнсе: «Жыццё само па сабе каштоўнасьць!»
– Ты, Стах, нешта блытаеш? Абарона Айчыны на першым месцы ў сапраўднага мужчыны. Так заўсёды было, ёсьць і будзе!
Віктар Мухабой зараз адчуў сябе вайскоўцам-прафесіяналам у вачах прысутных, што ўважліва слухалі іхнюю гаворку.
– Калі, Віця, за сваю Айчыну – гэта так! А калі праліваць кроў за інтарэсы свежасьпечаных алігархаў? – Бахановіч перавёў позірк у блізкую будычыню і дадаў:
– Дарэчы, і ў нас, Віця, мабыць, могуць пачаць прызыў дабраахвотнікаў сярод афіцэраў запасу? Дабраахвотнікам зразу прысвояць чарговы чын. Ты станеш сапраўдным палкоўнікам, а потым цябе накіруюць у камандзіроўку ў зону чужых вайсковых канфліктаў. Магчымасьць атрымаць узнагароды, зарабіць грошы і нават стаць генералам…? Га? – нетаропка і неяк пераканаўча мякка ён спакушаў падпалкоўніка.
– Стах, я ваенны чалавек. Усё жыццё рыхтаваўся ваяваць. Сэнс вайскоўца – у вайне!
– Эх, Віця… Дарэчы, я чуў, што некаторыя былыя вайскоўцы пайшлі ў сьвятары?
Віктар Мухабой кіўнуў галавой, уздыхнуў і паказаў Піткевічу, каб той наліў у парожнюю чарку. Потым з маркотай зазначыў:
– А другая частка пайшла ў бізнес, зараз спрэс ездзяць на інамарках. У цябе машына якой маркі?
– Мерсэдэс, ты ж, мабыць бачыў. А некаторыя рушылі ў кадэты, казакі? У Беларусі казакі? Трызненні сівой кабылы. Га, Віктар?
– Што ты, Стах, прапануеш? І куды вы самі дзенецеся?
– Прышлі новыя часы, Віктар! Сёння ўсё вырашаюць грошы! За грошы можна стаць
15
Бабця Марыя і Лабановіч – героі трылогіі «На ростанях» Якуба Коласа.