Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Аднойчы трэба было занатаваць бабуліны расповеды пра продкаў, я раптам вырашыла: а што, калі паспрабаваць па-беларуску?
Усведамленне прыйшло з першых радкоў. Я – аўтар.
Так, аўтар. Крый божа, не пісьменнік (о, гэтая сакральная для філолага прафесія! Для іншых лагічна: калі пішаш – пісьменнік, але для нас – не. Дастаеўскі – пісьменнік, Караткевіч – пісьменнік, а я хто?). Але ж аўтар.
Мая беларуская мова паводзіць сябе інакш за рускую. На ёй чамусьці немагчымыя пафас і мараль. Наадварот, кожную хвіліну так і цягне пасмяяцца, пажартаваць ці падкузьміць хоць каго, а няхай бы і сябе, гэткую аўтаршу. Радкі атрымліваюцца шчыльнымі, насычанымі, словам цесна, думкам прасторна – усё як мае быць.
Падавалася, я – усемагутная! Мне падпарадкоўваюцца словы! Мне далі мову! Зараз, толькі яшчэ крыху часу – і я напішу такое і так, як яшчэ ніхто не пісаў!
Але ж нешта ўжо напісалі?
Было б наіўным лічыць, што беларуская літаратура вычэрпваецца беллітам, але я – быў час – лічыла. Але ж калі ты становішся аўтарам, ты вымушаны звяртацца да калег. Гэта складана і не заўсёды прыемна: на кожнай старонцы цябе, такога малойцу, чакае чарговы «удар со стороны классика»: аказваецца, усё тваё ўжо сказалі, і сказалі лепш за цябе. Тая белліт, якую ты спадзяваўся ашчаслівіць сваім з’яўленнем, зусім не жабрачка з заціркаю, і зусім не мужык-беларус, чорны сам, белы вус, у ёй гаспадарыць. Адпраўляюся ў «Логвінаў», прагна кідаюся да паліц.
Я – чытач.
Недзе тут трэба было б паставіць кропку, але гэта немагчыма. Ці можа быць кропка ў гісторыі пра тое, як да чалавека прыходзіць родная мова і як ён ідзе да яе? Так, нашай мове дадзена вялікае шчасце: да яе трэба ісці, праз цяжкасці і складанасці, праз раманы з іншымі мовамі, праз дзяржаўную забарону і ўласную ляноту, да яе трэба ісці, як ідзе да сваёй веры апантаны вернік, яе трэба здабываць, як здабывае доўгачаканае золата аляскінскі авантурыст. Наша мова – не для кожнага матчына, падараваная разам з жыццём, яна бывае і бацькавай, бывае ўзнагародай за пошук і за паразуменне. Ці бывае ў гэтым бясконцым тэксце кропка?
4
Ангельская мова прыйшла да Марыны яшчэ пазней за беларускую. Яна і сёння размаўляла на ёй настолькі правільна, так ідэальна дапасоўвала дзеясловы да назоўнікаў і так выкшталцона карысталася артыклямі, што нават у ангельскіх грамар-нацы зводзіла сківіцу. Але і за тое дзякуй, бо хэпі-энд у Дамейкавай інглішсторы заўсёды быў пад сумневам.
Па-першае, яна са школьных дзён ненавідзела Лену Стогаву і яе няшчасную фэмілі, тэкстамі пра якую былі аздоблены ўсе савецкія падручнікі ангельскай з пятага па апошні школьны клас. Лена Стогава прачыналася, апраналася і ішла ў сваю любімую скул, яна абавязкова вучыла ўсе ўрокі і прапаноўвала савецкім дзецям свой ідэальны рэжым дня, пераходзіла з класа ў клас, снедала, вячэрала, займалася спортам, танчыла і каталася на лыжах, распытвала замежную сяброўку па ліставанні пра Ланданізэ кэпітал оф Грэйт Брытн, і немагчыма было пражыць