Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
сплюнуў. Грамавы голас, выбух ва ўласным сэрцы й імпэтны, ценкі звон ашкелкаў па ўсім офісе. Ажно засіпеў, скрывіўшыся ад унутранага болю.
А тады, увесну, было так сонечна… На Дзень Волі – той самы дзень, калі ён, бывала, падлеткам гарлаў на бел-чырвона-белых шэсьцях “Жыве Беларусь!”… Запомніў, бабкі гандлявалі “коцікамі” ля касьцёла, каталіцкае Дабравесьце… І жыла Беларусь, і лёгка каўталася сьвежасьць, пах зямлі, пранізьлівы, толькі вось з-пад сьнегу… Ён мераў вокам і крокам ад Цімура да Палаца той катлаван Нямігі, гнілы лог мінулага, які неўзабаве хіба адзін застанецца ад колішняга беларускага ўбоства – і на хвілінку, усяго на хвілінку прыпыніўся ўдыхнуць на поўныя грудзі.
І раптам, ці то з плыні Нямігі, дзе цёк сабе міма народ, ці то з-пад зямлі, зь пераходу метро, ці проста з золю і лёгкай сонечнай смугі – успыхнула. Ягоны акаём адразу зарэгістраваў нейкую беласьнежную істоту, што плаўна паднялася з правалу Нямігі проста перад ім, ахінула яго хрусталёвым зьзяньнем – і пачала лёгка адлічваць па гранітных прыступачках угару, на Верхні горад, цокат ягонага сэрца – цок, цок, цок.
Белая дзявочая постаць царквы дагэтуль на гары. Стройная. Уладарная.
Воля.
Белая-белая, сьнежнае сьвежасьці зь серабрыстым, яна падымалася да барокавых вежаў, яна таптала параю мармуровых калонаў, голых да аблягаючай сьцёгны спадніцы, усе правілы прыстойнасьці, паводзіла ідэальнымі клубамі так, што калыхалася глеба, яна ўсаджвала штокрок удары каралеўскіх шпілек, рана за ранай, з абыякавай асалодай халоднае прыгажуні – слабееш да млосьці – яму ў самую сярэдзіну, з кожным узмахам ягоных вейкаў успыхвала крыламі ўкладка сьветлых, з залацістым адлівам, валасоў – і, клянуся, яе анёлава постаць з кожным узмахам ледзьве краналася зямлі.
Глыбокі, зыркі вагонь зжыраў цела цыгарэты, і пакутліва, да страты прытомнасьці, спальваў паветра ўнутры яго.
Мадэльныя метр семдзесят сем, ммм.
Ён ішоў сьледам, быццам ягня на закланьне, – і з ныючай асалодай распранаў яе са сьпіны вачыма, ад белых боцікаў да футра, да намёку на мяккую пяшчотную бялізну… І яе сьветлая постаць падымалася, падымалася, і брыла ўнутры яго гладкімі голымі лыткамі – да калена, да пояса, да грудзей у ягонай кіпучай крыві.
Сабор завалакло дымам, ён нема руйнаваўся. О, як жа звыродліва скалечана цяпер гэтае цела!
Яна абмінула шахматны шэраг машынаў, бел-чырвона-белы грузінскі сьцяг з крыжамі, бліскучых ільвоў на прыціхлым пляцы, цокнула праз бардзюр, на пераход да Катэдры – чорнае, белае, чорнае-белае, чорнае-белае!..
І азірнулася на ягоныя крокі. Княгіні, мадэлі і ўсе цуды ягонай полавай кунсткамеры згасьлі ад аднаго яе позірку. Ён раскрыў рот – і пазнаў прыгажосьць, якую ніколі дагэтуль ня бачыў. У твары яе быў жах. Найсьвяцейшая Дзева з вачыма чорнай начы.
І верыш, не – менавіта ў гэты момант зазванілі званы. Забіў гадзіньнік Ратушы, і адгукнулася Катэдра, і яны з Воляй затрымцелі паміж. Дванаццаць. Званы звалі, званілі і клікалі.
Воля.