Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
Адсюль і моц гэтае строгае, чорнае постаці. Адсюль і страшны цяжар позірку, якога не вытрымлівае аніводзін сьмяротны – цяжкога, як сама сапраўдная чалавечнасьць.
Але горш за ўсё было там, за сьпінаю. Азірнуцца, нават паглядзець у той бок, да Гандлёвай, ён ня мог ужо некалькі гадзінаў. Месца, дзе сёньня… Клініка з радзільняй і абартарыем. Кроў, брунатна-чырвоныя пляскі на бліскучай белай кафлі, у-эээ, аж ванітуе!.. Што выблёўвае гэтае нутро, што, яшчэ жывое, пляскае ў памыйку – ягонае ці Цімурава?..
Вагню заставалася ўсё менш і менш, непапраўна менш, яго калаціла дробная дрыготка. З астатняй цыгарэтай сыходзіла ўсё ягонае жыцьцё. Дым паглынаў мазгі, тлелі лёгкія, і ён ператвараўся ў бясплотную цьмяную істоту, і выдыхаў, пакідаючы ў сухім астатку толькі нянавісьць і зло.
Адзінае, ува што яму так і не ўдалося пранікнуць позіркам, выхапіць хоць іскарку сэнсу, хоць укол сутнасьці – гэта і быў чорны квадрат. Бездань, у якую вочы правальваліся з хуткасьцю свабоднага палёту. Гэта і захапляла.
– Так, стары. Для цябе ёсьць тры навіны, усе кепскія. Зь якой пачынаць?
– Усе кепскія? Цімур, ты што… Кампанія мне такі падарунак на трыццацігоддзе робіць?
– А табе трыццаць? Малады яшчэ, усё наперадзе… а калі?
– Ды сёньня, Цімур. Сёньня.
– Шкада, што сёньня. Ладна, зь мяне прэзент. Тым ня менш. Беларускі аддзел скарачаем, Осіфавіч, ён цяпер у нас як частка Еўразіі пойдзе.
– Еўразіі… Што за чорт, як скарачаем? Ды ў нас тут аснова, а Полацк, а прыбыткі за год!..
Ён памкнуўся ўстаць, але Цімураў позірк прымагніціў яго да крэсла. Сядзець, я сказаў.
– Мы вычарпалі гэты рынак, стары, зь яго больш ня выцісьнеш, столь. – Цімур паказаў крэпкай даланёй на горла, і было ясна, што ён сыты ім, Белазорам. Кадык хадзіў, як поршань, перадаваў высілкі на жаўлакі, і туды ўжо паступалі кавалкамі і Еўропа, і Азія, і Лацінская Амерыка. – З новага году разгортваемся.
– Цімур, ды як…
– На сусьветны ўзровень выходзім, Осіфавіч. Я разумею, вышыванкі, то-сё, кулёр лакаль, але, стары, Беларусь не працуе за мяжой. Ну так-сяк у Расеі, на Захадзе ўвогуле чхаць хацелі. Нашым сур’ёзным гасьцям пофіг. А само па сабе гэта пустое месца. Зрэшты, за гэта мы яго і любім. Тое ж самае з мовай, усе гэтыя пераклады, лацінкі, я на адных перакладчыках штомесяц тысячаў трыццаць губляю, рэальна закалябаўся ўжо… Тут усе разумеюць па-руску, там – ін інгліш, і харош.
– Цімур, мы ж дамаўляліся!..
– Гэта яшчэ ня ўсё. Наконт пасады замдырэктара – адкладзем. Ёсьць пытаньні па тваіх паводзінах, асабліва ў сацсетках.
– Маіх паводзінах?!..
– Тав-варыш Белазор, – слова “таварыш” з вуснаў Цімура азначала, што ён губляе цярпеньне і ледзянее ад волевага напружаньня, – Мы выходзім, тваю маць, на новы ўзровень, ты што, ня чуў ні храна? Сусьветны стандарт. Трэба адпавядаць, так сказаць. Да, і трэцяе. Паколькі аддзел скарачаем, плюс па табе ёсьць пытаньні – гадавыя бонусы, сам разумееш, – Цімур павольна апусьціў далонь на свой шыкоўны