Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
ў адным сказе, дзе гаварылася, што нейкі прафесар ехаў пасажырскім аўтобусам па нейкай там трасе. Вось гэты самы прафесар са сваёй паездкай мяне і падвёў пад манастыр, каб ён назад не вярнуўся. Усё я напісаў з адной літарай «с»: і прафесар, і пасажырскі, і траса. Проста з галавы вылецела, што па-руску трэба з дзвюма. А там яшчэ і па дробязі назбіралася: недзе проста літару прамінуў, дзве-тры коскі паскупіўся паставіць – і бывай, вучылішча! I ўсё з-за той мымры, што нам дыктавала, – не магла крыху на падвоеных пасіпець, як сіпела наша падлюбская русіца.
I вось я вяртаюся дахаты адзін, без Санькі. Яго паставілі ўжо ў строй і павялі ў сталоўку есці артылерыйскі паёк, а мне і яшчэ такім жа недарэкам вярнулі пасведчанне аб адукацыі, сказалі суцяшальнае слова, што наша яшчэ ўсё наперадзе, і адправілі прэч з вачэй.
Я іду не з вучылішча, я іду з хаўтураў, пахаваўшы сваю артылерыю, сваё афіцэрства. Што дома бацьку сказаць, які грошы, пазычаныя ў дзеда мне на новыя штаны, вярнуў ужо назад? А крый божа сустрэнецца хто з настаўнікаў, да якіх таксама дайшла слава пра нашы з Санькам поспехі,– скрозь зямлю мала праваліцца, згарэць можна ад сораму. I хто нас прасіў трубіць: пагоны ў шапцы, пагоны ў кішэні? Саньку пашанцавала, а мая шапка аказалася дзіравая. Вось табе і гарадскія паненкі пад крэндзель. Тут да сваіх цяпер носа не паказвай.
Спачатку я хацеў пераседзець дзе-небудзь за ваколіцай вёскі да цёмнага, каб потым прашмыгнуць, нібы мыш, у свой двор, не сустрэўшы на вуліцы нікога з аднавяскоўцаў, але перадумаў. А ці не лепей зараз, пакуль усе на працы? Толькі не трэба ісці па вуліцы, а па-за гародамі, а потым цераз платы, цераз парканы, дзе дабрачынныя людзі і не ходзяць, а толькі зладзеі ды ўцекачы. Сабак я не баюся. Сабака пабрэша, самае страшнае – за лытку грызне, а пытаць жа не будзе, здаў я экзамены ці не. Значыць, і славы не разнясе.
Наша хата на замку – яшчэ ўсе ў калгасе, і мяне сустрэў толькі Жук, завіляў хвастом, пачаў лашчыцца, за што і атрымаў добрага выспятка. Не лез бы ўжо хоць ён са сваімі пяшчотамі. Сабака зашыўся ў будку і, пакуль я адмыкаў хату, пакрыўджана паглядваў адтуль на мяне, быццам пытаючы: чым ён тут вінаваты?
Хоць і лета, я залез на печ і пакутую, і суцяшаю сам сябе: трэба яно мне, тое вучылішча-мучылішча, шчасце вялікае – строем хадзіць ды кожнаму казыраць. Не вялікі страх і ў калгасе парабіць да салдатаў, толькі вось хлопцы мянушку якую-небудзь прылепяць – гэта ўжо абавязкова. Ну, што ж – пражыву і з мянушкай.
Калі бабуля прыйшла з калгаса, я ўсё яшчэ перажываў.
– Чаго ты там стогнеш? – спытала яна, сеўшы на ўслон перахліпнуць з дарогі.– Захварэў, ці што?
Няпраўда, я не стагнаў, гэта я так уздыхаў, нібы кавальскі мех. А наконт хваробы бабуля добрую думку падала. Цяпер я ведаю, што сказаць бацьку: медыцынскую камісію не прайшоў – «зарэзала»! Дактары праклятыя! Медкамісія – гэта вам не двойка за дыктант. Я ж невінаваты, што здароўя няма.
Так я яму і сказаў за вячэрай, нават вокам не міргнуў. Трэба ж як-небудзь пасля ранейшай пахвальбы свой гонар ратаваць. I бацька толькі рукамі развёў – ну і ну, Саньку-замухрышку прапусцілі,