Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
сытыя пасля дзённых налётаў на проса. Улёгся пыл пасля коней, якіх пагналі на луг у начное. I каля Скокавага двара абазвалася балалайка. З-за экзаменаў мы з Санькам не былі на пагулянках чорт ведае колькі – сходзім у апошні раз. Там, у нашай артылерыі, мабыць, такой волі не будзе. I, кажучы па сакрэту, хацелася крыху і пакрасавацца перад падлюбскімі шпакамі – Смыкам, Косцікам-балалаечнікам і Чыжыкам, калі ён не ў начным, – хоць мы ў гэтым сабе і не прызнаваліся. Ды і Каця з Сонькай-Кучараўкай няхай паглядзяць, задавакі мы няшчасныя ці не.
Але на пагулянцы нас чакала расчараванне. Каці і Сонькі не было. Дзяўчаты сказалі, што яны таксама нацэліліся ў навуку, хочуць паступіць у тэхнікум і таму сядзяць вечарамі ў Глёкаў і дзяўбуць граматыку. Гэта добра. Значыць, не ходзяць без нас гуляць.
На пагулянцы адразу зрабілася нецікава. Для прыстойнасці мы крыху пастаялі, перакінуліся слоўцам-другім з хлопцамі і пайшлі, так з ніводнай і не станцаваўшы. Хацелася непрыкметна змыцца, але наўздагон нам паляцела ўсё ж дзявочая насмешачка:
– Ох-ох, ваша высакароддзе, камандзіры!
Ахвота была з імі звязвацца. Мы з Санькам вышэй за гэта, нават не азірнуліся і, не змаўляючыся між сабой, пашыбавалі да Глёкавай хаты.
У адным з акон было святло. З-за фіранкі чуваць ціхая дзявочая гамонка. Яны, Каця з Сонькай. Зубраць. Тут мы з Санькам і пачалі шпацыраваць міма акон туды і назад пад свой любімы марш. Санька вядомы свістун, а тут перасвістаў самога сябе. Як мог, дапамагаў я. Раз за разам, праходзячы пад самымі вокнамі, мы на момант сціхалі і прыслухоўваліся, якое атрымоўваецца ўражанне. Ага, у хаце стала ціха – пачулі. Бачым, фіранка калышацца – падглядваюць. А потым дружна гэтак:
– Хі-хі-хі!
I больш нічога. Колькі мы пасля ні тапталіся, колькі ні маршыравалі, за акном – нібы вымерлі. А потым і лямпа патухла. Не выйшлі.
Тут Санька не на жарт раззлаваўся, а я дык і зусім разгневаўся. Падумаеш – цацы! Бачылі мы такіх. Ды мы, можа, там, у сябе ў артылерыі, і не такіх паненак знойдзем. Пойдзем у звальненне ў горад і пазнаёмімся. З намі тады любая пойдзе. А яны няхай хіхікаюць. I ад уяўлення таго, як гэтыя зубрылкі будуць румзаць і кусаць сабе локці, калі мы пад крэндзель будзем гуляць з гарадскімі, адразу зрабілася лягчэй на душы. Але крыўда ўсё ж засталася. З ёй мы і разышліся па хатах.
А раніцай усё гэта забылася. Мы былі ўжо ў вучылішчы, калі яно яшчэ толькі паснедала і строем з песнямі ішло ад сталоўкі, нам карцела хутчэй даведацца, ці прынялі нас.
Мы думалі, што будзем першыя, але ў спартыўным зале была ўжо процьма іншагародніх, якія жывуць у казармах, ды і мясцовых – хоць гаць гаці. Яны ўюцца каля сцяны, дзе вывешаны паперы, быццам мошкі мак таўкуць: адны падыходзяць, другія адыходзяць, трэція зноў вяртаюцца, вачам сваім не вераць, хто смяецца, хто руку сябру паціскае, а хто і стаіць моўчкі, апусціўшы галаву, або здзіўлена пазірае па баках – няўжо гэта праўда, што мяне не залічылі?
Санька ў спісе прынятых знайшоў сябе адразу і балюча пляснуў мяне па плячы:
– Ёсць!
А