Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
вясковых прозвішчаў старшына так і не выгукнуў. Стаім мы, разгубленыя, збянтэжаныя, і не ведаем, што рабіць, ці самім выходзіць, ці чакаць, пакуль не вытураць. Нарэшце Санька адважыўся і падаў голас:
– А Макавей?
– Макавей? – перапытаў старшына і моўчкі ўтаропіўся ў паперы, а ўвесь строй павярнуў на нас галовы і пачаў разглядваць хто з цікаўнасцю, а хто з усмешкай, мы аж пачырванелі. Надзеі ўжо не было ніякай.
– А які горад? – зацікавіўся старшына, нічога не вычытаўшы ў сваіх спісах. I зноў усе ў наш бок галовы – круць. Некаторым не відаць, дык аж шыі выцягваюць. Хоць пад зямлю праваліся.
– Дык не горад жа, а сяло Падлюбічы, – зрабіў я нясмелую спробу ўтлумачыць някемліваму старшыне, хто мы такія, а ён мне на гэта і секануў:
– Не паложана! Тут толькі далёкія, а вы мясцовыя. Выходзь!
Мы з Санькам выйшлі, як пабітыя, а нам у спіну нейкі жаргаўнік яшчэ і кінуў:
– Ну і сяло-о!
Зыркнуў я цераз плячо – а гэта той самы гарадскі гогаль у рабым суконным летніку. Яшчэ стаіць і хмыліцца. Вялікі герой. Нездарма кажуць, бачна пана па халявах. Правільна старшына на яго цыкнуў:
– Разгаворы ў страі!
Іншагародніх павялі ў казармы, а мы з Санькам, пакрыўджаныя і раззлаваныя, узялі кірунак на радзіму. Няма праўды на свеце: яны, бачыце, далёкія, а мы на сваіх дваіх пятнаццаць вёрст сюды адмахалі, ды цяпер столькі ж трэба, каб дома быць. А ўжо і сонца на захадзе.
Хаця, калі падумаць, трэба было паслухаць Юрку, дык ужо і дома былі б, і не трапілі б у гісторыю. А то захацелі разумнейшымі быць. Катлавое забеспячэнне нам падавай, а можа, яны на нас і не гатавалі. Што ж, абыдземся і каржом з новага жыта, яшчэ і яблыкам загрызём, што застаўся ад тых салагаў.
Мінуўшы КПП, мы зноў разуліся, перакінулі абутак цераз плячо і дзе крокам, дзе подбегам прыпусцілі па Батарэйнай. Крыўда паціху ўнялася, цяпер у нас на языках толькі матэматыка: катэты, гіпатэнузы, вуглы, градусы і паралельныя прамыя, якія ніколі не перасякаюцца, хоць ты іх вядзі ўсё жыццё.
Там паглядзім, хто з нас – сяло, а хто – сталіца.
Вось табе i пагоны ў кішэні!
Да экзаменаў заставаўся ўсяго адзіны дзень. Бацька з Глыжкам з раніцы пайшлі ў калгас вазіць на ток снапы, а следам, упораўшыся ля печы, майнула і бабуля з сярпом. Мы з Санькам, сышоўшыся ў нашай хаце, селі за геаметрыю асвяжаць у галаве тэарэмы. У хаце было ціха, і нам ніхто не перашкаджаў, апрача знадаедлівых мух. Вось калі мы пачалі каяцца ў мінулых школьных грахах! Вучылі, называецца, абы помніць да вечара, абы Бісектрысу вакол пальца абвесці. Цяпер цяжка тое асвяжаць, што ў галаве толькі пераначавала. А трэба ж, калі сабраліся з калгаса ў артылерыю! I мы так стараліся, што калі нашы прыйшлі на абед, у нас з Санькам у галовах была ўжо каша: вострыя вуглы пераблыталіся з тупымі, градусы з радыусамі і халера з хваробай. Да вечара мы наогул пачмурэлі. У мяне нават пачалі перасякацца паралельныя прамыя лініі, з якімі, калі верыць падручніку, яшчэ ніколі такога не здаралася.
А ноччу мне нават саснілася бісектрыса. Не, не