Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
гусяціну, каўбасу-крывянку і іншае. У Зосі выпіраў гарбузом жывот. Маладзіца была цяжарная.
Бабуля спрытна ўпраўлялася ў печы віламі, чапялою… Нарэшце яна выцягнуда адтуль на прыпечак патэльню з яечняю, кінула ёмку ў куток.
– Манька, – пазвала ўнучку, ведаючы, што тая толькі і чакае ад яе знаку, – бяры блінцы, бяры яшчэ што-кольвек, а я патэльню панясу.
У сталовай за шырокім сталом, накрытым чыстым ільняным абрусам, разам з дзедам Пятром сядзелі госці: сусед Абко, вядомы ў Моталі рымар, – шыючы хамуты і іншую вупраж, ён і сына навучыў шыць аброці для коней. З Абко поплеч сядзеў знаёмы гандляр газай, шклом да лямпаў, шклом для вокан – Борух, гэты, апроч крамы, трымаў у сваёй сядзібе яшчэ карову, праўда, дзівак, кармы назапашваў не на ўгоддзях, як робяць сяляне, а па людзях – па сядзібах местачкоўцаў, прапануючы ім узамен кармоў свой тавар або іншыя якія-небудзь паслугі. Трэці ж госць быў зусім незнаёмы Мані, ён сядзеў спінай да яе, таму яна зайшла збоку, павіталася з ім, з усімі, падала на стол дзеду цёплыя бліны, загорнутыя ў ручнік, паставіла талерку з прадаўгаватымі кавалачкамі каўбасы, якая пахла часнаком. Аксіння тым часам усталявала пасярэдзіне стала шырокую патэльню з яечняй, якая ўсё яшчэ пыхкала жарам. На стале ў місках стаяла пакуль не астылая бульба, разварыстая, сопкая, каля бульбы – гуркі з дзежкі, раней прыгатаваныя скваркі, мёд, іншая закусь, і госці паспелі ўжо асушыць па кілішку.
Непрызнаны Маняй хаўруснік павярнуў голаў, утаропіўшы на яе свае вялізныя, быццам валовыя, вочы – у іх, змеціла Маня, глыбока-глыбока хаваліся ягоныя кемнасць, увага і сум. А галава ў ягамосця – стаўбуном, як рэдка ў каго, адно яе аздаблялі высокая пакатая лысіна ды пэйсы, пацярушаныя срэбрам. Яны адвольна спадалі, лахмаціліся і закручваліся на плячах.
– То бэндзе пенкна паненка! – пахваліў ён Маню, пры гэтым яго вусны расслабіліся, спрабуючы ўсміхнуцца, але да ўсмешкі нейк не дайшло.
– Дык што казаць, васпане Мэндаль, – кінуў яму дзед Пятро, відавочна, працягваючы перапыненую гутарку, – Польшчу рве паганы звер. Англія і Францыя – саюзніцы Польшчы – аб’явілі Германіі вайну. Ці спыніць гэта Гітлера?
Утварылася невялікая паўза.
Маня знарок прыпынілася каля дзвярэй у кухню – чакала і слухала.
Падаў голас Борух:
– Англічане адвыклі ваяваць. А ў французаў, пры іх арыстакратычным імкненні ўплываць на ўсе падзеі ў Еўропе, няма яго вялікасці Напалеона…
– Але ўсё ж гэта дзве магутныя дзяржавы! – не пагадзіўся Абко.
– Магутныя? – перапытаў Мэндаль. – Гм… стары свет… Ім не стае таго прагнага нацысцкага духу, які прэ з Германіі. Гэта, аднак, жахліва! – Ён, уцяўшы голаў у плечы, паёрзаў на месцы – пэўна, яго даймаў страх.
Зноў памаўчалі.
Пісарчук, спаважна мнучы ў пальцах вус, пачаў расказваць:
– У маёнтку Моладава жыве стары амбасадар Польшчы ў Лондане – Канстант Скірмунт. Дні тры таму я з ім гутарыў. Ён за памылку лічыць, што палякі пайшлі на саюз з Германіяй, а не з Расеяй. У Варшаве, кажа, дрэнна чыталі кнігу Гітлера