Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка

Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка


Скачать книгу
ваша жыццё.

      – Бачыць Бог! – пахітаў галавою Мэндаль.

      – Свет напладзіў шмат заваёўнікаў,– зазначыў дзед Пятро. – Я маю ласку ад паноў Скірмунтаў чытаць сёе-тое з іхняй бібліятэкі. Беларусы, напрыклад, маглі б налічыць дзесяткі, а мо і сотні Іванаў Жахлівых, Напалеонаў і розных напалеончыкаў, ліха на іх, якія ішлі з захаду і ўсходу, з поўдня і поўначы, рабавалі, гвалцілі, спрабавалі прыгарнуць сабе ліцвінскія, то-бок нашыя, землі. Усе яны дзейнічалі аднолькава, і ў Гітлера замашкі – будзьце пэўны! Але ж сваім сялянскім розумам я не дапну, чуеце, да адной дзіўнай рэчы.

      Пятро Пісарчук пакратаў відэльцам на талерцы кавалачак каўбасы, бытта вагаючыся, гаварыць далей ці не, і сказаў:

      – Прабачце, ну што гэта ў Гітлера за прыхамаць такая, каб, ваюючы з іншымі народамі з-за зямель, асобна зводзіць яшчэ і нацыю, якая не мае ні сваёй зямлі, ні краіны?..

      Па тым, як госці пераглянуліся між сабой і лупавата ўставіліся на гаспадара, Маня зразумела, што гаворка акурат пра іх і што яе дзед паставіў рубам самае цікавае на гэты момант пытанне, і яна адклала ўбок вышыўку.

      16

      – Азохэнвэй![4] – усклікнуў Мэндаль і звярнуўся да Боруха: – А ці не цвеліць з нас гаспадар, га? – І да Пятра: – Увесь свет ведае пра ганенні на яўрэяў. Ці ж гэтага мала?

      – Свет чуткамі поўніцца, і, канечне, васпане, тое-сёе даходзіць да нас, асабліва цяпер, разам з уцекачамі. Аднак я мушу ўдакладніць пытанне, бо вы не адказалі мне на яго. Дык вось, панове: якая ж карысць будзе Гітлеру, калі ён адлучыць яўрэяў ад жыцця ў грамадстве, збярэ іх, скажам, у гета?..

      – Карацей кажучы, – не вытрываў Паўлюк, – чаму ён уз’еўся на жыдаву?

      Цішыню, а яна зноў выдавала ніякаватай, парушыў Абко:

      – Вып’ем…

      Чарка неяк лагодзіла напружаны момант, але не здымала пытання, і купец Мэндаль, пэўна, прыкідваючы, што адказаць, пабарабаніў пальцамі па стале; на безыменным у яго сядзеў залаты пярсцёнак, тоўсты, пукаты, бы літы павук.

      – А ведаеце, вялікай загадкі тут і няма, – пачаў ён.

      – Вой, ды ці варта пра гэта, га, Мэндаль?.. Ці мала што можа выдумаць якісьці вар’ят? – Борух выбачліва бліснуў вачыма спадылба на гаспадара застолля, з якім часам рабіў дробны гешэфт.

      – Не! – распасцёр пальцы ў нязгодзе, няйначай асланіўся далоняй небарака Мэндаль. – Не-не… З павагі да вас, гаспадар Пятро, і да вашага ўніклівага розуму мушу адказаць больш разгорнута. Вядома, свет нічога не страціў бы, калі б нас не было: ні Боруха, ні Абко, выбачайце, і мяне таксама – простых яўрэяў. Як не страціў бы свет і з-за хаўрусу сіяністаў – нашай, так бы мовіць, духоўнай знаці, у якой, меркаваць хачу, Бог зацікаўлены не болей, як я ў Галівудзе. Не бянтэжся, дружа Борух… Бог калі і даў нам больш чаго-небудзь, дык гэта знявагі людской. Я ведаю, што кажу. Нашы скрушлівыя, нашы мілейшыя продкі да дваццатага стагоддзя жылі ў вузкай пройме паміж расейскай і еўрапейскай культурамі. Яны паступова пашыраліся і неслі на сабе іншы знак прысутнасці.


Скачать книгу

<p>4</p>

Калі ох як і баліць! Літаральна: аз ох эн вэй (ідыш).