Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
жывы. Нейкім краем усведамлення адзначыў, што не спіць, а дакладней – абудзіўся ад сну і трызнення, але ненадоўга. Аксіння дыхала побач. Момант, і, ладу не дабраць чаму, ён зноў там… Расплюшчыў вочы і бачыць: на паваленай сухастоіне сядзіць нешырокі ў плячах чалавек, пыхкае люлькаю. На ім форменны кіцель, боты блішчаць. Па абліччы сваім ягамосць дужа знаёмы Пятру, як што ў расейскіх газетах яшчэ ў тыя гады, калі ён жыў там, неаднойчы друкавалі ягоныя карткі.
Невысокі пакацісты лоб, крутыя чорныя бровы, угору прычасаны сіваватыя валасы, густыя, шчаціністыя, бы поўсць на воўку, вусы пажаўцелі ад дыму.
Пятро ніколі ў жыцці не спатыкаўся з ім, але ведаў: гэта ён!
– Устань, Пісарчук, подыды до мінэ.
Пісарчук успрыняў саму постаць, уладарны голас як належнае; нават тое, што лясны госць назваў яго местачковае прозвішча, яму не здавалася дзіўным. На нагах у Пісарчука таксама былі боты, толькі ялавыя. Пэўнае падабенства з кіцелем уладара мела і Пятрова куртка свайго сукна, якая высока, пад самую шыю, зашпільвалася на гузікі. Яны, Пятро і лясны госць, былі прыкладна аднаго веку, і нейкая мужчынская роднасць заўважалася ў іхніх вусах. А што да валасоў, то іх, бадай, нельга было параўнаць, паколькі ў Пятра валасы больш светлыя і больш мяккія і заставалася іх на галаве ўжо вобмаль.
Пісарчук устаў і пашукаў вачыма сякеру.
– Ты не думай, што здэсь я одын, – мовіў госць. – Здэсь багата маіх люды. Усе збіраюць мінэ грыбы. Здэсь за кожным дрэвам – мае вочы.
– А я тут самотны, – ці то падумаў, ці прамовіў маркотны Пятро. – То чым жа, васпане, я абавязаны гэтай сустрэчы?
– Сустрэча прызначана, ды не з табой, пчаляром. Твая роля тут, увы, як ось гэтых соснаў… Уцяміў? Я маю сустрэцца з буйным чорным Шэршнем, о-оо! – І лясны госць усміхнуўся нейкім сваім спадзяванням ды нецярпліва паглядзеў на гадзіннік. – Як думаеш, не пабаіцца ён сюды прыляцець?
Пісарчук уцяміў, пра каго гаворка, і адчуў востры непакой, трывогу, цікаўнасць да моманту:
– Аднак я хацеў бы на яго паглядзець.
Госць-вядзьмак разгарнуў на каленях карту, на якой у розных фарбах азначаліся краіны Еўропы, і, выказваючы сваё задавальненне, тыцнуў люлькай у Польшчу:
– Ось тут ён пакажа свае тактычныя здольнасці. Сваю сілу… А мы поглядым.
Польшчу на карце перацінала шырокая сіняя лінія.
– Там мой сын… Ён за капрала ў польскай арміі.
– Твой сын камуніст?
– Не ведаю…
– А ты беларус?
– Так…
– Мне неаднойчы даводзілася чуць, што беларусы – наўздзіў трывалы народ і што яны ў вадзе не тонуць і ў агні не гараць. Гэта праўда?
– То вам, васпане, хтосьці нахлусіў! Мы заўжды гарым.
– Няўжо?
Пятро Пісарчук не заўважыў, як і калі карта ў руках ведзьмака загарэлася, і ён паднёс яе пад крысо ягонай курткі.
– Ось мы і проверым…
– Ці варта, васпане?! Нас адвеку нішчаць, топяць у крыві…
Пятра працяў