Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
– не дай рады які. Адно мяркую: Усявышнім уведзены законы, якія што ў пчаліным, што ў чалавечым грамадстве павінны праяўляцца аднолькава. Таму, калі яўрэі ў Моталі чыняць з сябе эліту, адасабляюцца і выбіраюць собскага старасту, лічачы нашага за казла, прабачце, то гэта не можа не адбіцца на ўзаемаадносінах. Возьмем сіянізм. Сіяністаў нямала на нашай глебе выгадавалі. А сіянізм – не што іншае, як боязь асіміляцыі ў асяродку гояў, гордае іх адасабленне і пошук сваёй запаветнай зямлі, радзімы. Адно добрыя ўмовы для іх, бадай, былі створаны, бо хто і дзе яшчэ ўсё гэта цярпеў бы?.. Невыпадкова ж і тое, што Вайцмана ўскарміла грудным малаком беларуска Агапа. У ягонай маці Рохлі не ставала малака.
Госці пачувалі сябе край несамавіта, нават уцякач Мэндаль не выгукнуў сваё ўлюбёнае «азохэнвэй!» – кракталі і лыпалі адзін на аднаго. Праўда, Абко гэта бянтэжыла ў меншай меры, і ён і вярнуў лагоду ў хаўрус:
– А ведаеце прытчу?.. Прыйшоў Хаім да Сары і кажа: «Сара, мне ўчора хацелі даць па мордзе!» Яна: «Адкуль ты знаеш?» Хаім: «Бо далі». Сара: «Чаму ж ты кажаш, што хацелі?» Хаім: «А то каб не хацелі, хіба далі б?»
Неўзабаве госці падняліся з-за стала. Тры гадзіны ў хаце за гутаркай неўпрыкмет праляцелі, і быў ужо позні вечар. Развітваючыся з гаспадаром, Борух папрасіў Пятра аб ласцы – нарыхтаваць для ягонай каровы сечкі з саломы.
Дзед Пятро кіўнуў у знак згоды:
– От Павел зробіць…
– Будзьце пэўны! – пацвердзіў Павел.
Абко ж зацікавіўся Манінай вышыўкай:
– Для каго, цурка, гэткі цуд ствараеш?
Невядома чаму, але Маня пачырванела, перш чым выціснуць з годнасцю:
– Сакрэт…
– І які ж сакрэт, лей бэ лэ?[5]
– Вялікі…
Толькі тут падаспела маці.
– Глядзі ты! – здзівілася адказу дачкі.– Як дарослая!..
І яна ж падтрымала жарт:
– У яе такі хлопец паглядны! Колем завуць…
– То бэндзе пенкна паненка!
За адным скрыпам госці выходзілі ў змрок на вуліцу.
17
Сны чалавечыя… Як паказвае ўласны досвед Пятру, яны азначаюць адно гульню самавітага і вольнага ўяўлення, якому ні думка, ні воля не чыняць перашкод падчас свайго адпачынку, і не сочаць за ім, і не кантралююць яго. Адмысловы стан, чуеце, – воля!
І далей, масціў масток да ведаў назіральны і ясны розум Пятра: у снах адбываецца своеасаблівае адлюстраванне рэчаіснасці, якая выступае тут як гнутая, ломаная, мешаная-перамешаная і сяк-так сабраная нанова карціна жыцця. У яе іпастасі можа з’явіцца чортведама што.
Але ж селяніну Пятру столькі і клопату было б аб тых снах, калі б не спадчыннае яшчэ ўяўленне, што дзіўныя малюнкі і дзеі снуюцца на тым самым грунце, па якім наўсцяж, віляючы, бяжыць кудысь таемная сцяжына лёсу. І ці доўгі той шлях? Ці шмат на ім радасцей? А колькі пакут?.. Бяжыць не бачная нікому сцяжына. От толькі малюнкі і надарэнні ў сне, нягледзячы на іх неверагоднасць, пэўным чынам адлюстроўваюць і саму пуцявіну. У гэты ж момант і ў наступны… Яны прадвызначаюць
5
Мілая, каханая (ідыш).