Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
нязручна, яна падала думку нанач застацца на стозе. Бацька ўхваліў яе намер, закінулі ёй туды майно – дзяружку і жакетку, пажадалі добрай ночы.
У тую ноч Аксіння сябе не памятала, хіба толькі напачатку ёй падумалася пра мотальскіх хлопцаў, пра Пятра, яе аднагодка – яны сябравалі. Што ён робіць там і ці сумуе па ёй? Яна ж сумавала і думала пра яго, нават уздыхнула, накрываючыся жакеткай.
Добра пахла сена. Навярэдзіўшы рукі і спіну за дзень, не заўважыла, як правалілася ў бездань сну. Спала, бы дзіцё пасля маку.
Ды вось і ранак, ён запомніўся Аксінні на ўсё жыццё. Прачнулася, прыгадваючы, дзе яна. Села. У здзіўленні падхапілася на ногі. Наўкруг туманіцца ўся прастора. Туман белымі пластамі ляжыць, а воддаль з белі выпаўзае вялізны залаціста-ружовы шар. І падалося ёй, што ў гэтай сырадойнай пространі яны адны – яна і прамяніста-ружовы дыск, бадай, знакавы і хвалюючы; ён напаўняў яе цяплом і пяшчотай, ён чараваў яе істоту аж да самага донца. Так утульна і радасна ёй было хіба ў абдымках Пятра. І гэтакая веліч! І той дыск, такі вялізны і блізкі, а яна – напроці яго, і нічога і нікога болей. Толькі ў жылах хадзіла маладая кроў…
На гэты раз дзівосная тая карціна не згадвалася, дый твар яе быў засяроджаны, думны – з начы бабе перадаліся непакой і трывога, якімі поўнілася сэрца яе чалавека Пятра. А ён тым часам агледзеў малатарню, якая стаяла ў гумне, змазаў шківы і іншыя часткі, што круціліся і церліся ў працы. Сёння гаспадар з сынам будуць малаціць жыта. Пятру аставалася яшчэ падсілкаваць у стайні каня, як што яму выпадала ў лёгкай вупражы хадзіць пад павеццю па крузе – цягнуць прывад, круціць шасцярню, ад якой перадаваўся рух на барабан і іншыя вузлы малатарні.
Але ж за працай, потым за сняданкам і зноў за працай на гумне Пятро ніяк не мог забыцца на сон, ад якога дагэтуль яшчэ знібела душа і было прадчуванне нядобрага. Зрэшты, чаго можна чакаць, калі ў дзверы грукоча вайна?
Час за хатнімі клопатамі прабег хутка. Пасля працы, распрануўшыся да пояса, ён папрасіў Паўла паліць яму крыху злетненай вады на рукі, на карак; добра намыльваючыся, змыў з сябе ўсю пацяруху ды едкі цёмна-шэры пыл ад малатарні. Калі ўжо расціраў ручніком да чырвані вільготнае крамянае цела, Павел, гледзячы на бацьку, усміхнуўся:
– Дык кажаш, той вядзьмак хацеў выпрабаваць цябе на вогнястойкасць?
– Табе, сынку, смех, а гэта ж не жарт. Хіба думаў калі, што з гэтакім д’яблам сустрэнуся! Хоць бы і ў сне… Тфу!
– Хай яго хай!..
Пятро наважыўся зноўку з’ездзіць у Моладава, каб спаткацца і пагутарыць са знаным палітыкам, якім лічыў Канстанціна Скірмунта. Здавалася, каму ж валодаць новай інфармацыяй пра вайну і спрычыненыя вайной падзеі ў свеце, як не яму, былому міністру замежных спраў Польшчы і потым амбасадару ў Лондане… Пятро не рабіў перад жонкай сакрэту з таго, што мае паехаць у панскі палац, каб, уведаўшы якія навіны, узяць іх за аснову, за ключ для разгадкі жахлівага сну.
Тым часам Маня, гуляючы на падворку, падскоквала на ўтравелай сцяжыне каля веснічак і сыпала жартаўлівыя словы