Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
адказаў яму з іранічнай усмешкай:
– Дзякуй…
– Аднак, – сказаў ён, – нам добра было б паслухаць, што носіць у думках гаспадар Пятро. Моталь большы за Моладава і Парэчча, а дзе больш людзей, там, пэўна, і розуму болей. Так ці не?
– А я вем? – усміхнуўся ў вусы мудры моталец. – Я мог бы ў Бога спытаць – дык хадзіць далёка, але ж…
Чырвоныя промні сонца, прабіваючыся скрозь вяршаліны дрэў у садзе, даставалі сюды і асвятлялі сваім неспакойным святлом твары дыскутантаў. Пятро Рамановіч ацаніў пытанне, якое, на першы погляд, было вельмі простае, а калі глыбей – вырастала ў загадку або задачку на кемлівасць. Паны з датклівай цікаўнасцю чакалі ад яго адказу. І, усцешаны іх увагай, Пятро паспрабаваў давесці ім свае думкі:
– За два тыдні ад пачатку вайны насельніцтва ў нас прырасло. За кошт польскіх уцекачоў, найперш яўрэяў. Ва ўправе зарэгістравана ўжо каля паўтары тысячы бежанцаў. От толькі наконт розуму ў грамадзе – няма на яго попыту. Дзіва што, светам правяць разлік і грубая сіла. Я думаў пра гэта, асабліва пасля гутаркі з купцом Мэндалем, уцекачом з-пад Хелма, – і Пятро ўсміхнуўся нейкім сваім успамінам…
– Мы слухаем, – нагадаў Раман.
– Гутарка была – так бы мовіць, без клею, за шыхаваным сталом. Мэндаль, як, зрэшты, і пан Канстант, чытаў «Майн кампф», і з ім цікава было абмеркаваць прэтэнзіі Гітлера. Яны вам добра вядомыя: яўрэі ў свеце – найпершае зло, яны прыбіраюць да рук ключавыя пасады, яны прынеслі ў грамадства аблудлівы камуністычны рэжым і правяць баль у Расеі. Яны наважваюцца абрабаваць да споднікаў увесь свет… Таму Гітлер, як тое і належыць высакароднаму арыйцу, абрынуў на іх свой справядлівы гнеў, ён, чуеце, абараняе ад юда-камунізму свой народ і іншыя народы… Я проста аслупянеў, слухаючы Мэндаля, – прызнаваўся Пятро. – Няўжо, думаю, гэта і сапраўды так? Няўжо Гітлер з-за яўрэяў распачаў вайну?..
– Пытанне няпростае, – зазначыў у роздуме Раман Скірмунт. – З гэтым выбраным боскім народам, канешне, могуць быць праблемы скрозь, дзе ён, як пырнік, распаўсюджваецца. Толькі ж з яго асяроддзя выйшлі таксама выдатныя дзеячы асветы, культуры. У свой час я, напрыклад, захапляўся дзіўнай чароўна-паэтычнай прозай Змітрака Бядулі, які друкаваўся ў «Нашай ніве». А ў нашаніўскім артыкуле «Жыды на Беларусі» ён, па сутнасці, ідэалізаваў іх адносіны з беларусамі. Толькі не адмаўляў Змітрок і таго, што большасць яго супляменнікаў жыве паводле прынцыпу грубай сілы: «Чый верх – таго і праўда!» Цікава, аднак, шо мусіў сказаць табе, чалавеча, купец Мэндаль?
– Ён усё разумее, але што можа змяніць ардынарная яўрэйская душа? Мяркуе, што не толькі ў іх прычына, бо з кнігі відаць: Гітлеру патрэбны новыя тэрыторыі, якіх у яўрэяў няма. Яны ж самі іх шукаюць.
– Але ж, але ж… – Дыпламат Канстант падаўся з каляскай да кніжнай паліцы. – У дыктатараў, заваёўнікаў свая псіхалогія. Яе адметнасць у тым, што яны вызваляюць сябе ад маральных абавязкаў перад чалавечай супольнасцю.