Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
лекаў ад нэндзы, роспачы, чым працоўны занятак.
Паддаючыся таму ж працоўнаму рытму і сваім захапленням, Маня падхоплівалася з ложка і па першых праменьчыках сонца бегла на поплаў, што неўпрыкмет скочваўся ў возера. На ім, зялёным і росным або пакрытым інеем, збірала ў прыпол гусінае пер’е. Больш ніхто, апроч яе, бадай, гэтакім глупствам не займаўся, нават дзеці з бяднейшых сем’яў не здагадваліся, чаго гэта варта. Яны не ведалі, бадай, якая росная радасць – збіраць гусіныя пёркі, цудоўныя, бялюткія, нібы накрухмаленыя, вялікія і малыя. Скарб і скарб, рассыпаны навідавоку. Бо калі іх сабраць і дома паабдзіраць як след, то пухам можна панабіваць падушкі, на якіх добра спіцца.
Яна кружыла па лузе, які з надыходам восені ўжо трохі збуцвеў, па зялёным колеры пайшоў жаўтавата-буры, і на гэтакім фоне яе вочы не адразу распазналі кісць чалавечай рукі… Так, з зямлі тырчала рука!.. І ад жаху захаланула яе сэрцайка. Яна зрабіла крок убок і, не помнячы сябе, закрычала. Крык вярнуў цяпло яе целу і напалохаў гусей, якія купкамі выходзілі з падворкаў на луг. Гусі разам загагаталі, а Маня, абліваючыся чыстымі-найчыстымі слязьмі, спатыкаючыся і рыдаючы, бегла бягом дадому.
– Мама!.. Дзеду… Які жах! Ой-ё-ёй!..
Што на тым лузе было? Мужыкі, узяўшы рыдлёўкі, раскапалі і дасталі з зямлі юнака, казалі, з ліку мотальскіх стшэльцаў. Напэўна, за стшэльскія забавы ў палітычным процістаянні яму помсціліся.
Знясіленая, сцішаная, самотная ў недзіцячых сваіх разважаннях, Маня грэлася на цёплай ляжанцы, калі на дзедавай палавіне хаты загучаў чужы голас, неспакойны, напорысты. Аднойчы яна ўжо чула яго:
– Псямаць, пане… Даруй, гаспадар Пісарчук. У жахлівы час мне спадобілася патрапіць да вас у Моталь – польскі дах, свенты польскі дах абрынуўся!..
Маня саскочыла з ляжанкі – цікаўнасць узяла верх над стомай і ўсімі яе страхалюднымі пачуццямі, прывяла яе ў трапяткі стан. Зазірнула праз шчыліну дзвярэй да дзеда, балазе яны не рыпелі. Так і ёсць, на канапе ў сталовай – ягамосць Клямка, руды, як падпалены корч; ён заўжды з дзедам лагодзіў гандлёвыя клопаты.
– Дах быў моцны, ды падпоркі слабыя! – зазначыў гаспадар сядзібы, уважаючы на словы Клямкі.
Голас дзеда гучаў годна, а разам з тым і неяк квола, журліва:
– Толькі ж ці варта было панам гарод гарадзіць?..
– Вы разумны чалавек, спадар Пісарчук. Але чаму я тут? У Пінску фарысеі рыхтуюць ужо падпоркі для Саветаў, стварылі Рабочую гвардыю, чуеце. Так што дарога цераз Пінск для мяне перакрыта, таму я, псямаць, на ноч гледзячы, паехаў па гэтым шляху – на Янаў. Выпала заадно і грошы вам перадаць, вось яны – рэшта, што вінен. Бярыце, гаспадар Пісарчук, і не памінайце ліхам!
– Дзякуй, пане дабрадзей. Аднак гвардзейцаў новай улады, з дазволу сказаць, і тут хапае. Таму не спяшайцеся, вам лепей ехаць пад раніцу.
– Я меркаваў, што мой ад’езд палагодзіць Барыс, ваш сын, сацыяліст… Ён дома?
Момант гнятлівай цішыні.
– Барыса няма… Загінуў, абараняючы ад немцаў Варшаву. А ўвогуле я не ведаю, кім ён паміраў