Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
сэрцам Пілсудскага, не было б у іх стрэльбаў, і я кінуўся б на каторага, нажом перарэзаў бы горла! Асталопы забілі ў гэтых людзях тое, чаго самі не мелі і не маглі мець. Гніды! З-за іх праклён ляжа на ўсю вашу нацыю, калі яна яшчэ існуе. Ды гэта, бадай, не мой клопат, спадар Пісарчук. Праўда? Мой клопат – лахі пад пахі ды далей адгэтуль!
І ўсё ж Пятро Рамановіч засцярог госця і выправіў яго пад раніцу, пры гэтым даў купцу адрас знаёмага чалавека дзесьці за Варшавай, на выпадак, калі пан Клямка па першым часе не знойдзе для сябе якога іншага прытулку.
Туды ж, пакінуўшы свой маёнтак у Заазер’і, колькі дзён таму паехаў і пан Генрык Юргенсан; ён, праўда, пабываў у палоне ў чырвоных і быў абменены ў гандлі з палякамі на чырвонаармейцаў.
21
Вызваленчая армія наплывала на Усходнія Крэсы спакваля, расцякаючыся па ўсіх дарогах, што вялі на захад, даючы магчымасць польскаму войску адысці, ачысціць тэрыторыю Беларусі ад сваёй ляшай прысутнасці. Палякі ў бойку амаль не ўвязваліся. Тым не менш у чырвоных байцоў былі напагатове вінтоўкі і кулямёты, шаблі і штыкі, мінамёты і гарматы.
Амаль скрозь сустракалі іх хлебам-соллю і кветкамі.
У Моталі былыя падпольшчыкі для сустрэчы з чырвонымі наладзілі святочную браму пры ўездзе ў мястэчка, з пінскай стараны. А войска, рухаючыся адтуль, прашывала перш вёскі Парэчча і Моладава.
Чырвонаармейцы ішлі пеша, на фурманках жа месцілася зброя і боепрыпасы.
Гэта было невялікае падраздзяленне пераменнага асабовага складу. Інакш кажучы, байцоў тэрмінова прызвалі з запасу, адрываючы кожнага ад зямлі, станка ці варштата. Іх паставілі пад штык для выканання найвысакароднейшай вызваленчай місіі. Фурманкі з коньмі былі таксама ўзяты ў сялян, аб’яднаных у калгасы, з умовай, што вернуць пасля пераможнага шэсця.
І вось гэты «чырвоны раўчук» наплываў на Моталь. Ля брамы зайгралі, заліліся пераборамі гармонікі, дзяўчаты мелі прыветліва махаць хусцінкамі ці проста рукамі, а хлопцы, надзьмуўшы грудзі паветрам, голасна грымнулі: «Чырвонай Арміі слава! Ура!!!»
Сапраўднай радасцю, мо выпакутаванай у дзесяцігоддзях, свяціліся твары камуністаў. Наперад выйшлі Ян Мацукевіч, Андрэй Райкевіч, Ілля Дубовіч, Данік Плюнгер – яны, а таксама іншыя, хто быў смелы, абняліся з камандзірам, станістым хударлявым лейтэнантам. Збоку за гэтымі абдымкамі з цікаўнасцю назіраў Пісарчукоў малодшы – Паўлюк.
Не меней шчасця ад шумнай сустрэчы было і ў дзяцей, якіх круцілася тут процьма. Дзеці, а сярод іх і Маня, знайшлі, што чырвоныя байцы маюць колер зусім не чырвоны, не адпаведны таму, і што адзенне на іх запылена-шэрае, а на некаторых – з зеленаватым адценнем… Такія ж пілоткі.
Салдаты, напэўна, здарожыліся і былі стрыманыя ў выяўленні сваіх пачуццяў. Калі ж калона мінула браму і ўцягнулася ў мястэчка, адзін з чырвонаармейцаў, паджылы, сутулаваты, з іранічнай усмешкай на твары, адштурхнуў ад сябе букет кветак, якія ткнулі яму ў рукі жанчыны. Ад неспадзеўкі тыя жахнуліся і наперабой пачалі кпіць з мужыка. Маня ніяк не магла