Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
паляўнічыя падчас рытуальнага танца, каб потым паўтарыць усё на паляванні. Толькі ж хіба можна забіваць з лёгкім сэрцам?
– Ма!
Я злякнулася. Я забылася, што перабіраючы зёлкі, гавару, шапчуся сама з сабою…
– Ай, ты клікаў мяне?
– Хадзі сюды, нешта пакажу!
Пакінуўшы зёлкі, я пайшла бліжэй да ракі.
Пясок яшчэ вільготны, пругкі, несыпучы, зацалаваны сонцам, ужо пацяплеў. Але на ім заставаліся сляды. І на гэтым светлым, амаль белым пяску аднымі лініямі, тонкімі, лёгкімі, як птушыныя пёркі лініямі быў выпісаны жаночы твар, так, як калі на жанчыну глядзець збоку. Высокі лоб, глыбока пасаджаныя вялікія вочы. Прамы, з ледзь заўважнаю горбінкай нос, тонкія вусны, мяккі падбародак. Даўгая лебядзіная шыя. Партрэт быў яшчэ няскончаны, яшчэ імклівымі лёгкімі хвалямі клаліся, набягаючы, даўгія, зблытаныя мае валасы. Але не пазнаць было немагчыма. Занадта доўга разглядала я сябе сёння ў вадзе, калі купалася. І вось так, бокам, таксама станавілася. Так меней зморшчынак, чысцейшая лінія. Так прыгажэй.
З хваляваннем, не, маё хваляванне адразу сталася трывогай, жахам, з трывогай і жахам я зноў падыйшла да ракі, зайшла ў ваду. Нахінулася, прыгледзелася і… патанула ў сваім адбітку, у імклівай плыні часу.
… – Група крыві! Якая ў яе група крыві?! – даляцела да мяне аднекуль зверху.
І я чыста інстынктыўна адразу адрэагавала, азвалася: – Першая! Чуеце, першая! – закрычала, як мне падалося, закрычала я на ўсю моц, так, што рэха аглушыла мяне. Але наяве мяне не пачулі. Бо, як потым казалі дактары, гэта быў нават не шэпт, а ўздых. Давялося сабраць усе свае сілы, вынырнуць, пераадольваючы зямное прыцягненне, узляцець, выбрацца з бяздоннага калодзежу часу.
– Першая!
Толькі цяпер яны, здаецца, мяне пачулі. Яны, гэтыя людзі ў белых халатах урэшце рэшт пачулі мой голас, мой крык, які наяве стаўся шэптам.
На твары маім ужо не было маскі з наркозам. І я, аблізнуўшы засмяглыя вусны, спыталася: – А чаму ён не крычыць?
І акушэрка з усяе сілы ляпнула малога па кволенькаму заду.
– Ай! – азваўся мой сын, мой першынец, – Ай! Ай! Мы ж з ім так і не паспелі сцерці, затаптаць малюнак.
Там, у глыбіні, па той бок калодзежу часу, ля ракі, на вільготным, нагрэтым сонцам пяску засталіся нашыя з сынам сляды, застаўся мой профіль. І сонечны знак. Я паспела намаляваць яго дзеля перасцярогі. Ці можа гэта зрабіў мой сын… Кружок з кропачкай. Пуп сусвету. Зярнятка. Дзіцятка ў космасе майго цела.
Прыгожая прыйшла
Тры каханні Неферціці
– Вы, праўда, плылі на тым самым «Тытаніку»?
Маё пытаннепрыдыханне накалолася на востры скептычны позірк. Вочы пані Магды дыхнулі сцюдзёнай прахалодай. Цяпер між намі нават не лёд, які можна растапіць, а шкло.
– А што Вас так дзівіць? – паціснула яна плячыма, – Там шмат было малых дзяцей. І потым… у мяне застаўся дзённік маёй маці. Калі хочаце, я дам Вам яго пачытаць. Толькі пры адной умове. Вы не дазволіце сабе нават падумаць, што мая маці