Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
і што табе прывезці з Грэцыі? – пытаецца ён як бы між іншым, нават не зірнуўшы мне ў вочы, і я, шчэ не ведаючы, якую пастку, якую салодкую атруту сама сабе рыхтую, паспрабавала адказаць яму ў тон, таксама самаўпэўнена і нахабна, але збілася, расхвалявался, уздыхнула.
– След Сапфо. Калі будзе, прывязі яе след. Ты ж бачыш, што без кахання, як без святла, я гіну, растаю, бы соль у вадзе.
– Ну, тут я табе нічым не магу дапамагчы, – ён робіцца раздражнёным, нервуецца. – Сама сабе нешта навыдумляеш, а потым я яшчэ і вінаваты.
– Мне хочацца, каб мяне…каб хоць хто-небудзь мяне разумеў, ці хаця б спрабаваў зразумець…
Я гаварыла, гаварыла яшчэ, але мае словы, бяссільныя, пустым рэхам біліся ў глухія, шэрыя сцены і не знаходзілі, яны ніяк не маглі знайсці выйсця. Мяне ўжо ніхто не слухаў. Мяне не жадалі не толькі чуць, а і проста слухаць. Мой голас звінеў, як надакучлівая муха, і бязвольна ападаў, ападаў у сон, у мой новы сон, дзе я ішла, бегла ўздоўж той самай бясконцай шэрай сцяны і наперадзе ў мяне было не святло, а такая ж самая шэрая сцяна, якая ўсё аддалялася, аддалялася, пасоўвалася то ў адзін, то ў другі бок, утвараючы нешта накшталт бясконцага лабірынту. А за паваротам ізноў ён.
– Паліна, ты не паверыш, але гэтыя грэкі на сваёй туріндустрыі з глузду з’ехалі. Яны сапраўды прадаюць як сувеніры бурштынавыя вочы сваіх архаічных кораў, гэтых каменных дзяўчат, што служылі Афіне, і сляды, так-так, яны там прадаюць сляды Сапфо.
Ён ізноў сядзеў насупраць мяне, закінуўшы нага на нагу і курыў. Адпачнуўшы, загарэлы, крыху ўзбуджаны, але лагодны. Ён пацяплеў, бо выпіў кілішак прывезенага з Грэцыі мне ў падарунак густога чырвонага віна, і цяпер адчуваў сябе гаспадаром майго лёсу. І гаварыў ён няспешна, пускаючы дым, смакуючы кожнае слова: – Уяві сабе, на востраве Лесбас я купіў тое, што ты прасіла, я купіў табе след Сапфо, самы што ні на ёсць, сапраўдны след Сапфо…
Я слухала яго, не падымаючы вачэй, слухала і не піла, толькі, прыўзняўшы сваю, поўную шчэ чарачку, задумліва глядзела на свечку, што дагарала на нашым стале, пакідаючы ў крышталі мігатлівы рубінавы водсвет. За вакном захліпалася снегам завея, і не было відаць ні зорак, ні ліхтароў…
– Запалі святло, я зараз табе яго пакажу, – і ён, затушыўшы нарэшце свой недакурак, палез у кішэню пінжака. – Можа, ты спадзявалася, што я прывязу табе след ейнае нагі, але ж гэта каштавала б разоў у пяць даражэй, і ў мяне б тады не хапіла на добрае віно. А так ёсць і след, і віно… Я вырашыў купіць вось гэта, след яе рукі, дакладней, нават не рукі, а яе пальцаў…
І ён дастаў з кішэні і паклаў на стол невялікі кавалачак жаўтлявага мармуру.
– Ведаеш, толькі там, у Грэцыі, я зразумеў, чаму рымскія копіі выглядаюць усяго толькі халоднымі злепкамі, як ты кажаш, бяздушнымі шкілетамі сапраўднай грэчаскай скульптуры. У Грэцыі мармур быў іншы, чым у Рыме. Мяккі, сонечны, жывы… Ён нагадвае не халодны снег, а цёплае малако…
– Дзякуй, – шапнула я і ўзяла ў рукі шурпаты, з’едзены марскім ветрам, сапраўды, не белы, а жаўтаваты мармур, і мае