Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
вось з гэтага, сярэдняга пальца, боль ператварае маю руку, не, цяпер ужо мае рукі ў клешні. Рукі нямеюць, камянеюць, і я думаю, я ўпэўнена, гэта таму, што ім не дазволена, яны не маюць магчымасці аддаваць цяпло і ласку.
Божа, Матка Боска, але ж ты плачаш, Неферціці… Вочы. Твае вочы і праўда наліліся слязьмі. І ты плачаш разам са мною. Вочы… Вось яно, ад слёз выявілася і другое тваё вока. Зеленаватае, з вялікаю чорнаю зрэнкаю. Не атрымалася ў нас з табою іранізаваць. Заплакалі. І я адчуваю, ты хочаш нешта мне сказаць. Мы зараз пагаворым з табою, пагаворым… Не ведаю, на якой мове. Але мы зразумеем, мы мусім зразумець адна адну… Зразумеем.
Дапішу потым… Заўтра.
…Спяшаюся, хачу дапісаць. Хачу, каб потым мае дочкі, і асабліва Магда, калі яна вырасце і прачытае… як хочацца, каб яна не паўтарыла маіх і яе, Неферціці, памылак, калі атрымаецца…
Я спынілася на тым, як з вачэй Неферціці паліліся слёзы. Шурпаты камень стаўся пылам. Яе шчокі паружавелі, паярчэлі. І прыадчыніліся пульхныя, чуллівыя вусны.
– Ты смелая жанчына, – сказала яна ўздыхам, – А я вось не адважылася спраўдзіць сваё трэццяе каханне. Яно так і патанула толькі ўва мне. Зараз у мяне з’явіцца цела, і мы здзейснім падарожжа ў часе. Я запрашу цябе да сябе. У тым доме, доме, які стаіць за мяжою нашага галоўнага горада, у тым доме, куды Эхнатон выселіў мяне разам з дочкамі і Тутанхамонам. З Тутанхамона, Эхнатон так хоча, калі я ўжо не здолела нарадзіць яму сына, я мушу выхаваць зяця, мужа адной з нашых дочак і будучага фараона. Дык вось, у тым доме ёсць адзін вельмі ціхі дальні пакой. Ніхто нас там не патрывожыць. Давай сваю руку. О… І ў цябе на скуры ўжо расцякаюцца карычневыя плямкі – старэчае рабацінне, прыкмета таго, что пара квітнення скончана…
Яна пагладзіла мяне па руцэ. І мая маленькая далонь сцішылася ў гарачых абдымках яе даўгіх тонкіх пальцаў. І мы пайшлі, паляцелі, і тысячы кіламетраў і тысячы гадоў пераўтварыліся для нас у адноадзінае імгненне. Лёгкі саладкаваты водар ахінуў і разняволіў. Мы пераплылі раку часу і выйшлі на бераг яе пакоя. Пераступілі парог і важкая барвовая заслона апала за намі. Тут ніхто нас не патрывожыць.
– Ведаеш, што больш за ўсё мяне ўражвае?.. І ты, і слугі, паўз якіх мы прайшлі, стаіце і рухаецеся не ў каноне, а як усе мы, натуральна і проста… – сказала я на зразумелай для Неферціці мове.
– Штошто? А як ты думала, мы павінны рухацца? – перапытала гаспадыня ўжо без слёз, з усмешкаю.
– У каноне. Я столькі бачыла замалёвак з раскопак. І паўсюль старажытныя егіпцяне ў, як мне тлумачылі археолагі, адзінай дазволенай паставе: галава і ногі ў профіль, тулава ў дзве трэцціх, а плечы ў фас. А фараон абавязкова ў некалькі разоў большы за сваіх падданых.
– Сапраўды, нашыя мастакі так і малююць. Але ж гэта не значыць, што мы так ходзім, і што фараоны большыя за іншых.
Ціхі дым лунаў над намі. Гэта быў мяккі водар сандала ці чагосьці надта на яго падобнага. Мы прыселі на лёгкія крэслы, адна насупраць адной. Цяпер была чарга спавядацца Неферціці. А яна маўчала. І ў яе маўчанні