Калі цябе спаткае казка…. Ганна Навасельцава
вось! І ты мядзведзікам назваў! – моўлю пакрыўджана.
– Цікаўны. Маленькі…
І як тут не засердаваць? Надзьмуўся на ўсіх, нібы мыш на крупы.
– Маленькі-дурненькі, кажаце? Ведаю пра вас усё! Злыя! Вялікія!
– І што ж ты ведаеш? – асцярожна пытаецца дзяўчына.
– Ночы доўгія, маркотныя… А чаму? А таму, што зара-зараніца ў хораме сцюдзёным сядзіць, над светам не ўзыходзіць. І жаліцца ўсім, што мачыха і выгнала, і ў лесе пакінула… І назад вяртацца не казала. Дык ці злая твая мачыха? Скажы, ясная! Не маўчы!
– Яна спадзяецца на тваю дабрыню, Івашка! – кажаш ты, халодны.
– Яна, зараніца?! Ці Яга спадзяецца?! – пытаюся з пагрозай. – А ты спадзяешся?
– Зараніца, – прамаўляеш паціху. – А мы з Ягою тут ні пры чым…
– А вы з Ягою як рыбка з вадою! – прытупваю на цябе. Пазірай, пазірай устрывожана, халодны-праніклівы… – Сустрэліся-зачараваліся!
– Як гэта?
– А так…
Не ўсё ж мне спаць… Дачуўся сваімі мядзведжымі вушамі. Мабыць, яно так было…
– Ён не ўспомніць пра мяне, – гаворыць прыгожая і робіцца страшнай Ягою.
– Ён не будзе ведаць, хто я… – гаворыш ты, халодны, і сэрца тваё робіцца сцюдзёным-сцюдзёным.
– Дамо яму братоў, якіх не было ніколі… – кажаце разам. – Няхай думае, што родны брат яго Гара-Гаравік. Няхай спадзяецца, што родны брат яго Пушча-Пушчавік. І дзеля таго мае чарадзейнае аблічча… Не звярынае і не чалавечае.
А далей не хачу ўспамінаць…
– Ты ведаеш? – глядзіш мне ў вочы, халодны. Не можаш зразумець, адкуль жа, адкуль…
– А здагадаўся пра ўсё! Вы з Ягою мае родныя…
Ледзяны хорам пакіну. Няўтульна там, а я ж спаць люблю. У свой бярлог забяруся ды прасаплю там да вясны. А тады ўстану, чалавекам абярнуся. Вандраваць у свет пайду! Ну і што, як вушы ў мяне мядзведжыя? Іх жа можна схаваць пад шапкай! І буду шукаць-вызнаваць, як жа можна ды адчараваць маіх названых братоў. Гару-Гаравіка, Пушчу-Пушчавіка. А як здарыцца ўсё, то буду цешыцца з гэтага, я, Івашка. Сапраўднае мядзведжае вушка.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.