Калі цябе спаткае казка…. Ганна Навасельцава
Не буду шэрым палоннікам. Маеш шчасце, мая каралеўна. Стануць тваімі цёмныя лясы, будзе ярчэй свяціць ваўчынае сонца. Ніколі не знікне перад табою шлях! Не людское, не самотнае будзе ў цябе жыццё, а прыгоднае, чарадзейнае…
– Адкуль табе вядома былое жаданне маё?
– Хоць прызналася… А я праніклівы! Не толькі лес навылёт, але і мроі тых, хто ў лесе ёсць, як свае, ведаю. Заўсёды быў чуйным да людской маны. І болей табе не давядзецца мне сказаць аніводнага непраўдзівага слова!
– Гэта ж ты…
– Я. І цяпер шчаслівы, бо ты мяне такім зрабіла. Чары вялікія, якімі людзей палохаць ды караць, сабраць усе дапамагла. Дык усміхніся мне прыязна, мая каралеўна! Будзе ў нас з табою цёмная лясная вечнасць…
МЯДЗВЕДЖАЕ ВУШКА
– Гэй! Гэй! Гэй! Спяшайся да мяне хутчэй! – прагучала здалёку.
Бягу-бягу! Адно з берлагу выкараскаюся сяк-так… Але ж і соладка спаць. Хоць не зусім я і мядзведзь, ды адпачыць люблю… Яшчэ трошкі пад белай коўдрай прысну, паспею дабегчы. Коўдра шчыльная, зімовая. Мяккая. Ахутала мой будан як мае быць, дык усё ў мяне добранька…
– Гэй! Гэй! Гэй! Паспявай яшчэ шпарчэй! – пачулася ўжо зблізку.
Ды сціхні ты! Бач, раскрычаўся. Шпарчэй як цяпер не магу… Трэба ж як след пацягнуцца, на другі бок павярнуцца. Пазяхнуць разоў колькі. Мядзведзь я ці не? Не зусім… Ну і што, як не зусім? Затое старанны. Як магу паспяваю-паспяваю! Спяшаюся, вельмі спяшаюся. Коўдру лапай кратаю… Пра зіму думаю. Пра вялізныя снегавыя горы няспынна мрою!
– Гэй! – сказалася як быццам зусім над берлагом. – Вылазь сваёй воляй! А то як дзьмухну, як тупну, дык і коўдра белая з цябе зляціць! Лянівы ты, Івашка, санлівае мядзведжае вушка!
Вось так заўсёды! Прыйдзе, пабудзіць, як след паспаць не дасць. Ды яшчэ лянівым назаве, ды яшчэ нагадае, што санлівы я, Івашка, празваны мядзведжым вушкам. А што дзьмухнуць, тупнуць… Дык ужо выкараскаўся з берлагу, на снег гопнуў. Каб дапраўды коўдра белая не зляцела, чалавекам зрабіўся. Адно вушы засталіся мядзведжыя… Вось так заўсёды!
– І каго будзеш студзіць-маразіць? – пытаюся ў сінявокага, высокага.
Студзень. Халодны, сцюдзёны. Няма ні сівых вусоў, ні доўгай барады. І чаму гэта людцы думаюць, што ён стары? Малады. Вясёлы. Вунь з мяне як хвацка жартуе…
– А будзем хадзіць, масты навадзіць! Шлях спавіваць, узоры маляваць!
Чаго?! Не хачу хадзіць, мне і пад коўдрай снежнай спіцца добра. Масты навадзіць? Яшчэ чаго не хапала! Самі рэкі замерзнуць! А ўжо дарога санная – тое зусім не мая справа. Ды і маляваць я не ўмею! І не люблю!
– Вушы пад шапку схавай! – кажа мне з лёгкай усмешкай.
І пакрочыў сабе. А мне – даганяй. І навошта пад шапкай вушы хаваць? Усё роўна нас ніхто не ўбачыць… Мы ж лясамі ідзём, вёскі мінаем, поначы шлях адкрываем. Ты ж, студзяністы, любіш доўгую ноч! І маразы, і замець… А я табе навошта? Ступіць няма як, снег у пояс! Так добра спаў-адпачываў, а вось жа бадзяюся-туляюся. Ты, як заўсёды, проста не можаш на мяне забыцца.
– Весялей, Івашка!
Ды мне ўжо весела-весела! Зараз пушчуся ў скокі. Хіба