Калі цябе спаткае казка…. Ганна Навасельцава
я ведаю даўно… гэтага ваўка. Не цябе першую ён зносіць. Ды не шукай ім забраных, не пытайся пра іх, не плач… Намарныя такія клопаты. Адно сама не спыняйся… Абяцай, што не спынішся!
– А ты цяпер зусім не мілы. Бязлітасны, як той шэры. Можа, ён і сябра твой? Як воўк, не ведаеш пра дабрыню. І ніколі не быў спагадным…
– Тое праўда, далёка ад людзей быўшы, не меў каму спагадаць, добрае чыніць. А ты сярод людзей жыла. Ведаеш, як балюча можа зрабіцца…
– Ад чаго ж?
– Ад чалавечай хцівасці… Падману. Здрады… Ды ці мала яшчэ ад чаго… Усяго таго, чым людзі жывуць. Ты, прыгожая, ці не з-за гэтага з людзьмі быці не змагла? У цёмныя лясы падалася…
– З-за гэтага ў цёмныя лясы і падалася! – мовіш цвёрда каралевічу.
І спакушальна глядзіць на цябе лясны каралевіч:
– А пра скарбы дзівосныя, пра чары моцныя запытай у шэрага ваўка! – ды знікае, як і не было яго.
Мінае трывожная ноч, знікае няясны дзень. Цямнее таямнічы лес, множыць твае сумненні прымройным пошумам. Спіць шэры воўк, скруціўшыся пад ракітай. На цябе не зважае, хоць і ходзіш вакол, не сунімаешся, ракіту за галінку кратаеш ды просіш:
– Воўк-воўча шэры! Адпусці мяне дадому! Адпусці зусім…
– Дык ідзі! Хіба ж я цябе трымаю… Шлях вяртання знойдзеш проста. Адно шкада, як скарбы не табе дастануцца! А яшчэ ж і чары ёсць… – і смачна пазяхае, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як намагаешся пайсці. Ідзеш колькі крокаў. Не вытрымліваеш, вяртаешся. І зноўку непакоіш ракіту:
– Воўк-воўча шэранькі! А ці не будзеш ты мяне есці?
– Цьху! Аб цябе толькі зубы зламаць! Не пакваплюся. Ды і нясмачная, відаць… Адчапіся ад мяне зусім! – і соладка пацягваецца, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як быццам крыўдзішся. І зноў намагаешся пайсці. Супыняешся і вяртаешся. Тупаціш знарок моцна, каб ваўка пабудзіць.
– Ваўчок шэранькі! – гукаеш так міла і яшчэ нешта намагаешся казаць.
– Не хоча цябе каралевіч бачыць! І не прасіся! – воўк зіркае на цябе адным вокам.
– А ты адкуль ведаеш, што я пра каралевіча думала?
– А я воўк праніклівы! Не толькі лес навылёт, але і мроі-жаданні тых, хто ў лесе ёсць, як свае, ведаю… – і прыкрывае нос лапай.
– А чаму ж ён мяне бачыць не хоча? – здзіўляешся.
– Мабыць, ад маны тваёй стаміўся, дык і не прыйдзе на спатканне. І не чакай дарэмна!
– Не маніла я каралевічу. Шчырай была… Ён мне мілы, а на цябе, воўча, не хачу нават глядзець! Пагарду тваю здзеклівую слухаць…
– А чаго ж ты хацела? На каралевіча мілага дзень і ноч глядзець? Добрага слова ад яго чакаць?
– Не жадае мяне каралевіч бачыць… Не скажа добрага слова. Не падаруе радаснай усмешкі!
– Не паднясе скарбаў! Не пакіне чараў! Скрушна! Самотна! У-у-у!
– Не! Не кажы так. Не смейся. Я не хцівая… І з чаго ты ўвесь час хаваеш нос пад лапай?
– А гэта не твая справа! Ты лепей скажы мне, што такое спагада? – пазірае воўк-воўча дапытліва. – І якая ж яна, чалавечая дабрыня? Ці не шчырая ж